Па факце смерці беларуса ў варшаўскім ізалятары заведзена крымінальная справа па артыкуле «давядзенне да самагубства»

Па факце смерці былога беларускага палітвязня Кірыла Кетуркі, якога знайшлі павешаным у варшаўскім ізалятары, заведзена крымінальная справа па артыкуле 151 Крымінальнага кодэкса Польшчы «Давядзенне да самагубства», піша Most.

16.11.2023 / 13:00

Цяпер ідзе збор доказаў. Пракурор зрабіў візуальны агляд месца здарэння. Акрамя таго, было праведзена выкрыццё. 

Былога палітвязня з Беларусі 19-гадовага Кірыла Кетурку знайшлі мёртвым 20 кастрычніка ў камеры следчага ізалятара ў Варшаве. Папярэдняя версія следства — суіцыд.

Маладога чалавека затрымалі 10 кастрычніка ў Варшаве за махлярства ў інтэрнэце. Але ў самагубства былога палітвязня з Беларусі вераць не ўсе.

«Ён прайшоў беларускую турму, дзе здзекуюцца з людзей. Яго не зламалі там, і ён выйшаў. І тут рэзка ў варшаўскай турме ён рашаецца на суіцыд. Цяжка паверыць. Можа, яму дапамаглі гэта зрабіць, каб нічога лішняга не сказаў?» — мяркуе яго знаёмы. 

«Наша Ніва» пісала пра затрыманага ў Варшаве беларуса, якога вінавацілі ў махлярстве. Ашуканцы тэлефанавалі палякам і, прадстаўляючыся супрацоўнікамі банка, па вядомай беларусам схеме выманьвалі грошы. Імаверна, гэта была гісторыя Кетуркі.

Чытайце таксама:

У следчым ізалятары Варшавы знайшлі павешаным 19-гадовага хлопца, былога палітвязня з Гродна

Nashaniva.com