Блогерка зрабіла агляд цэн на рынку. Некаторым прадаўцам пасля прыйшлося іх зніжаць
Пасля таго, як блогерка выклала ў тыкток агляд вопраткі на рынку ў Полацку, некаторыя прадаўцы знізілі цэны на свой тавар.
17.11.2023 / 10:01
Скрыншоты тыктоку zatestilivitebsk
Акаўнт zatestilivitebsk мае ў тыктоку 81 тысячу падпісчыкаў. Дзяўчына, якае яго вядзе, здымае агляды на розныя месцы — крамы, кавярні, паркі атракцыёнаў. Часцей за ўсё блогерка паказвае родны Віцебск, але часам здымае відэа і ў іншых месцах Беларусі.
Напрыклад, нядаўна яна здымала агляд на рынку у Полацку — прымярала вопратку і расказвала, што колькі каштуе. Цэны гучалі розныя: ад 90 рублёў за нятрэндавую куртку да 600 рублёў за жаночае паліто.
Відэа набрала больш за 163 тысячы праглядаў і даволі шмат гнеўных каментарыяў.
Гледачы абураліся тым, што ўсё занадта дорага: «Людзі, гэта рынак, а цэны як у магазінах», «Цэны на мяжы фантастыкі», «Чорная са стразамі ззаду куртка за 320 рублёў, калі не праз пасярэдніка яе купляць, каштуе 160 рублёў. Нічога сабе накрутка», «На Каменцы больш танна ў «Грыне», чым у гэтай правінцыі».
Праз некаторы час гісторыя атрымала працяг: блогерка зноў прыйшла на рынак. Яна хацела пачаць здымаць, але яе пабачыла прадавачка і пачала патрабаваць, каб дзяўчына пайшла — казала, быццам бы здымаць відэа на рынку забаронена. На пытанне, чаму забаронена, жанчына адказала: «Бо вы кажаце, што тут не трэба купляць». Дзяўчына паспрабавала пераканаць апанентку, што яна нічога такога не робіць — толькі паказвае рэчы і агучвае, колькі яны каштуюць. А ўжо купляць ці не, вырашаюць самі людзі.
Каб канфлікт не развіваўся далей, блогерка папрасіла напарніка не здымаць тавараў гэтай прадавачкі, а сваю прамову ў кадры пачала з таго, што, на жаль, не ўсе прадаўцы на рынку ветлівыя і гатовы называць цэны. Але дама ўсё роўна працягнула лаяцца і пагражала напісаць заяву ў міліцыю, калі блогерка нешта апублікуе. Дзяўчына вырашыла, што лепш пайсці.
Падпісчыкі распавялі ёй, што пасля мінулага агляду былі прадаўцы, якія пакрыўдзіліся: «Вы ўжо былі на гэтым рынку. Вы паказвалі рэчы і называлі цэны. І цэны былі немаленькія! Пасля гэтага адна прадавачка стала здымаць ролікі і выстаўляць у тыктоку, што яе ледзь не абылгалі і што насамрэч нармальныя ў яе цэны».
Нехта сцвярджаў, што ў некаторых прадаўцоў пачаліся праблемы з гаспадарамі гандлёвых пунктаў: быццам бы тыя прадавалі адзенне даражэй, чым казалі гаспадарам.
Блогерка зрабіла высновы, што прадаўцы самі наступілі на свае ж граблі з-за незразумелага цэнаўтварэння. Дзяўчына адзначыла, што з моманту яе мінулых здымак цэны на рынку сталі ніжэйшымі. Яна бачыць плюс у тым, што змагла зрабіць тавары больш даступнымі.
Гэтае відэа ўжо паглядзела каля 258 тысяч чалавек. Частка каментатараў стала на блок блогеркі:
«Прадаўцы злыя на сябе і сваё жыццё проста, сядзяць на сваім пункце днямі, цэны касмічныя робяць. Нават на Wildberries танней, а якасць такая ж самая».
Але былі і тыя, хто падтрымлівае прадавачак:
«Перад тым, як здымаць, трэба спытаць дазвол. Ад прадаўца вельмі мала залежыць. Перад тым, як казаць аб цэнах рэчаў, пацікаўцеся цэнамі на арэнду».
Чытайце таксама: