«Сядзіць у адзіночцы, вучыць нямецкую і арабскую». З'явіліся навіны пра палітвязня Міколу Дзядка
Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок адбывае свой 5-гадовы тэрмін зняволення ў гродзенскай турме № 1, куды яго перавялі больш за год таму з калоніі № 9 у Горках. У якіх умовах знаходзіцца Мікалай Дзядок, напісала «Радыё Свабода» на падставе сведчання дасведчанай у ягоных справах крыніцы.
17.11.2023 / 20:07
Мікола Дзядок
«Сядзіць у адзіночнай камеры. На прагулкі выводзяць рэгулярна, на гэта не скардзіцца. Са здароўем ёсць праблемы — страўнік, галаўныя болі. Але спрабуе з імі разабрацца. Чарговую медычную бандэроль для яго прынялі без праблем. На харчаванне таксама не наракае», — расказала крыніца.
Мікалай Дзядок мае два дыпломы аб вышэйшай адукацыі, ведае англійскую мову, на якой вучыўся ва ўніверсітэце ў Коўне. Паводле крыніцы, палітвязень на гэтым вырашыў не спыняцца і ўвесь вольны час прысвячае самаадукацыі.
«Цяпер ён самастойна вучыць нямецкую і арабскую мовы, не забывае і пра англійскую. Сярод кніг, якія яму ўдаецца замаўляць, у асноўным слоўнікі, даведнікі, падручнікі. Арабская мова для яго не проста хобі, але і прафесійны занятак, бо ягоная дыпломная праца ў ЕГУ прысвячалася паліталагічным праблемам на арабскім Блізкім Усходзе. Калі Мікалай бываў у Ізраілі і Іарданіі, дык кантактаваў з арабамі на іх роднай мове. Цяпер, пэўна, ягоныя веды арабскай сталі яшчэ большымі», — мяркуе крыніца.
Паводле суразмоўцы, Мікалай Дзядок мае магчымасць тэлефанаваць сваякам, ад яго даходзяць лісты, хоць і не так часта, як раней з калоніі. Таксама Дзядка наведвае адвакат.
Мікалая Дзядка арыштавалі ў лістападзе 2020 году ў Асіповічах, дзе ён часова жыў і вёў блог, у якім асвятляў падзеі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Улетку 2021 года Мікалая Дзядка асудзілі на 5 гадоў зняволення, прызнаўшы вінаватым у падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і яшчэ ў двух злачынствах.
Чытайце таксама:
Мікалай Дзядок з-за кратаў: Дапамагае трымацца — гэта дакладнае разуменне таго, дзеля чаго ты цярпіш