У Паўднёвай Карэі законам забароняць есці сабак

Урад Паўднёвай Карэі і кіроўная партыя «Сіла народа» збіраюцца да канца года прыняць закон, які забараняе ўжыванне ў ежу мяса сабак, піша The Washington Post.

18.11.2023 / 14:18

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Westend61 GmbH / vecteezy.com

Закон запатрабуе ад сабачых фермаў, бойняў, гандляроў і рэстаранаў прадставіць план паэтапнай адмовы ад сабачага мяса мясцовым уладам. Пры ўмове падачы такога плану бізнэсу акажуць падтрымку. Мяркуецца, што забой сабак і продаж сабачага мяса цалкам забароняць з 2027 года.

«Прыйшоў час нашаму грамадству пакласці канец спажыванню сабачага мяса, улічваючы рост папуляцыі хатніх жывёл, павышаную дасведчанасць і міжнародную прысутнасць нашай краіны», — заявіў па выніках пасяджэння кіроўнай кааліцыі дэпутат Ю Ый Дон.

За прыняцце закона выступае і Дэмакратычная партыя — другая найбуйнейшая партыя Паўднёвай Карэі, якая цяпер знаходзіцца ў апазіцыі. Яшчэ ў верасні яе прадстаўнікі казалі, што ўхваляюць забарону.

Ідэя забароны сабачага мяса абмяркоўваецца ў Паўднёвай Карэі ўжо некалькі гадоў. У мінулым законапраекты, накіраваныя супраць вытворчасці і продажу сабачага мяса, пацярпелі няўдачу з-за пратэстаў з боку перапрацоўшчыкаў, уладальнікаў фермаў і рэстаратараў.

У новым законапраекце прадугледжаны трохгадовы тэрмін, каб згарнуць усю галіну.

Чытайце таксама:

Сабака апусціўся на дно разам з дайверамі. У інтэрнэце з-за гэтага выбухнула спрэчка

Сабака, адданы не толькі да смерці. У гарах ЗША знайшлі тэр'ера, які 10 тыдняў ахоўваў цела гаспадара

Сабака Маі Санду ўкусіў прэзідэнта Аўстрыі

Nashaniva.com