Прэзідэнт Сербіі хоча аднавіць сумесныя вучэнні з НАТА

Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч заявіў аб намеры прапанаваць ураду краіны разгледзець магчымасць правядзення вайсковых вучэнняў з НАТА і іншымі партнёрамі. Пра гэта ён сказаў на сумеснай прэс-канферэнцыі з генсекам НАТА Енсам Столтэнбергам, піша «Еўрапейская праўда» са спасылкай на РТС.

21.11.2023 / 14:02

Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг (злева) сустракаецца з прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам (справа) у Бялградзе, Сербія, 21 лістапада 2023 г. Фота: Milos Miskov / Anadolu via Getty Images

«Як галоўнакамандуючы я накірую запыт да ўрада Рэспублікі Сербія разгледзець рашэнне аб аднаўленні сумесных вучэнняў з НАТА, якія мы праводзілі раней, і з іншымі нашымі партнёрамі ў найбліжэйшы перыяд», — сказаў Вучыч.

Традыцыйна звязаная з Расіяй Сербія не зʼяўляецца сябрам НАТА, але ўдзельнічае ў праграме «Партнёрства дзеля міру» з 2006 года. Перспектыву правядзення сумесных вучэнняў з НАТА можна тлумачыць як крок да больш цеснага супрацоўніцтва.

Аднак афіцыйная пазіцыя Сербіі адносна паўнапраўнага сяброўства ў НАТА застаецца нязменнай. «Сербія зʼяўляецца вайскова нейтральнай краінай і будзе заставацца вайскова нейтральнай краінай», — сказаў Вучыч.

У жніўні стала вядома, што Сербія адмовілася ад расійскай вайсковай базы і будзе вучыць армію па стандартах НАТА. 

Раней расійскі пасол заяўляў, што стварэнне вайсковай базы РФ у Рэспубліцы «ўваходзіць у пералік інтарэсаў Масквы».

А Аляксандр Лукашэнка тады выказаўся, што «Сербія хацела б сядзець на трох крэслах: ЕС, ЗША, Расія — але ёй гэта не ўдасца».

У Бялградзе гэтыя словы расцанілі як патрабаванне ўстаць на бок Масквы, агучанае Крамлём праз свайго беларускага васала.

«Сербіі не патрэбныя чые б там ні было вайсковыя базы, Сербія будзе захоўваць свой вайсковы нейтралітэт, сама будзе ўмацоўваць сваё войска, Сербія будзе клапаціцца пра свой народ і будзе дастаткова моцнай, каб быць самастойнай», — заявіў на гэта Вучыч.

Прызначаючы ўчора новага пасла ў Сербію, Аляксандр Лукашэнка даручыў таму разабрацца, чаго ж насамрэч хоча гэта краіна. 

«Трэба разабрацца ў той палітыцы, якую Сербія праводзіць і жадае праводзіць адносна Беларусі, — паставіў ён задачу. — Калі яны хочуць [супрацоўнічаць з Беларуссю], значыць, мае быць вынік у гандлёва-эканамічных адносінах.

Калі яны хочуць віляць хвастом, груба кажучы, і падтрымліваць еўрапейска-амерыканскія санкцыі супраць Беларусі, гэта іх справа, няхай вызначаюцца і падтрымліваюць, калі яны забыліся пра тое дабро, з якім мы ішлі да іх», — сказаў Лукашэнка новаму паслу ў Сербіі Сяргею Маліноўскаму.

Nashaniva.com