Тры праўладныя колы, два падуладныя класы, некалькі вялікіх груп… Сацыёлаг разважае над сучаснай структурай беларускага грамадства і патрабаваннямі да розных груп

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў на «Цэнтры новых ідэй» прапануе сваё бачанне цяперашняй структуры беларускага грамадства, зыходзячы з таго, якія патрабаванні палітычны рэжым выстаўляе розным сацыяльным групам.

21.11.2023 / 22:25

Фота: Getty Image

У мінулую пятніцу ў беларускім інфаполі зноў паўстала тэма «тых, хто з'ехаў», якім чарговы раз прапанавалі «вяртацца». Але толькі пасля таго, як дакажуць, што «не забілі, не скралі, на вуліцу не хадзілі, не ламалі, не крышылі».

З аднаго боку, нічога новага, тыя ж варыяцыі ўжо набіўшага аскому «пакайцеся і на каленях паўзіце». З іншага — добрая нагода праз патрабаванне ініцыятыўна даказваць сваю невінаватасць паразважаць пра тое, якім прадстаўнікі рэжыму бачаць (або выбудоўваюць) сістэму ўзаемаадносін з беларускім грамадствам.

Абапіраючыся на дынаміку адносін дзяржавы з рознымі суб'ектамі ў прававой, грамадзянскай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах, можна меркаваць, што ўлады будуюць прыкладна наступную структуру:

«Сям'я і блізкае кола» — гэта тыя, каму нічога даказваць не трэба. Акрамя самога беларускага дыктатара з яго сынамі ды нявесткамі, сюды, мабыць варта аднесці і такіх персон, як Віктар Шэйман, Дзмітрый Баскаў, пара Эйсмантаў, а таксама шэраг іншых як вядомых, так і зусім немедыйных персон.

Да бліжняга кола, верагодна, варта аднесці і так званыя «кашалькі рэжыму».

Гэта прадстаўнікі дзелавых колаў, якія даказваюць асабістую вернасць Лукашэнку шляхам непублічнага абслугоўвання яго інтарэсаў і патрэбаў. Зразумела, атрымліваючы з гэтага сваю выгаду. Падобныя функцыі выконваюць не толькі беларускія бізнэсмены, але і замежныя «сябры».

Адзначым, што давер «кашалькам» з боку рэжыму не безумоўны, і ён перыядычна страчваецца. Пасля чаго бізнэсмен губляе статус «кашалька», затое набывае крымінальны тэрмін. Як гэта адбылося, напрыклад, з Юрыем Чыжом.

Другое кола складаецца галоўным чынам з сілавых ведамстваў, на якія рэжым зрабіў стаўку яшчэ да выбараў 2020 года.

Прычым тут, верагодна, правільней казаць не пра ведамствы ў цэлым, але хутчэй пра іх кіраўнікоў, якія ў апаратнай барацьбе з канкурэнтамі імкнуцца даказваць сваю максімальную лаяльнасць і карыснасць рэжыму.

Наколькі можна меркаваць па наяўнай у адкрытым доступе інфармацыі, паноўнае становішча сярод рэпрэсіўна-сілавой машыны Беларусі сёння займае Генеральная пракуратура на чале з Андрэем Шведам. Зрэшты, яе значэнне не варта абсалютызаваць як мінімум па двух прычынах.

Па-першае, трэба мець на ўвазе любімую практыку Лукашэнкі па «ператрахіванні» свайго кіраўнічага апарата, каб пазбегнуць небяспечнай канцэнтрацыі адміністрацыйных рэсурсаў у якім-небудзь адным кабінеце. Другі момант — цяпер варта звярнуць увагу на ціхае ўзмацненне Мінабароны, якое хоць і не мае яркай прадстаўленасці ў інфармацыйнай прасторы, затое ўпэўнена павялічвае сваю долю ў бюджэтным і ўзмацняе заканадаўчае лобі, прасоўваючы неабходныя змены ў заканадаўстве. Што характэрна, пры гэтым паралельна і ў чарговы раз тарпедуючы прапановы ведамства Шведа па стварэнні міжведамасных вайсковых пракуратур.

Тэарэтычна, кудысьці ў гэтае другое кола варта змясціць і своеасаблівых апрычнікаў рэжыму — ГУБАЗіК (у кампаніі з наборам атмасферна-спецназаўскіх падраздзяленняў Карпянкова). Хоць іх апаратная вага несупастаўная ні з пракурорскай, ні з мінабароннай, свае прымітыўна жорсткія функцыі яны выконваюць спраўна, штодня даказваючы сваю гатоўнасць выконваць любыя распараджэнні начальства.

Трэцяе кола ці ўзровень — гэта, як часцяком яны сябе самі называюць, «гасударавы людзі». Гэта досыць шырокі спектр работнікаў кіраўнічай вертыкалі: ад адміністрацыі прэзідэнта да райвыканкамаў і адміністрацый дзяржпрадпрыемстваў.

Да 2020 года, напэўна, можна было разважаць пра тое, што ад іх патрабуецца прафесіяналізм і адміністрацыйна-кіраўнічыя кампетэнцыі. Але гэта раней. Цяпер, як дакладна адзначыў рэктар Акадэміі кіравання Вячаслаў Даніловіч, галоўныя патрабаванні вельмі простыя — быць «патрыётам і дзяржаўнікам».

Іншымі словамі, ад шараговых прадстаўнікоў дзяржаўнага апарату патрабуецца перш за ўсё дэманстраваць сваю падпарадкаванасць і выканаўчасць, а рэальна вырашаць задачы на месцах — у найлепшым выпадку другасная справа.

Што цікава, калі суб'ектам з першых двух колаў у абмен на іх вернасць і лаяльнасць надаюцца пэўныя фінансавыя і кіраўнічыя бонусы, то для простых дзяржслужбоўцаў сістэма матывацыі складаецца больш з фактараў бізуна, чым пернікавых момантаў.

Далей. Калі казаць пра грамадства ў цэлым і пра вялікія групы ў прыватнасці, то тут усё больш дыферэнцыявана і значна складаней.

У логіцы патрабаванняў рэжыму грамадства дзеліцца на два асноўныя «класы» і некалькі вялікіх груп. І да кожнай з гэтых сукупнасцяў улады вылучаюць свае патрабаванні.

«Клас бюджэтнікаў» — гэта не толькі пенсіянеры, настаўнікі і лекары. Гэта і работнікі ўсіх дзяржаўных прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў. Усіх, таму што кожны, хто працуе ў структуры, якая належыць дзяржаве (нават пенсіянер, які нідзе не працуе), павінен адчуваць пачуццё глыбокай падзякі дзяржаве за тое, што гэта дзяржава яго ўтрымлівае: плаціць заробак (пенсію), лечыць, дае адукацыю ягоным дзецям і г. д. І ніхто, акрамя дзяржавы, пра гэтых людзей не паклапоціцца.

Разумення таго, што ўсё гэта робіцца за кошт падаткаў, якія плаціць чалавек, няма. Ёсць іншае разуменне: усе грошы — дзяржаўныя. Акрамя таго, пасля 2020 года з'явілася разуменне, што раней «найцішэйшая ніва, самае пакорлівае насельніцтва»(па словах Юрыя Караева), аказалася вельмі няўдзячным: у твар крычалі «Сыходзь!», страйкаваць спрабавалі, на маршы столькі месяцаў выходзілі. Зразумела, што пасля гэтага патрабаваць і чакаць ад людзей падзякі было б занадта нават для беларускага рэжыму.

Таму пачала працаваць іншая логіка патрабаванняў: «маўчаць, баяцца, падпарадкоўвацца». Пералік інструментаў, якія забяспечваюць функцыянаванне гэтай логікі, вядомы: крыміналізацыя іншадумства, бесперапынныя рэпрэсіі, пастаянная пагроза звальненняў. І рознага роду спісы: «чорныя», «шэрыя», «украінскія», «польскія» і інш.

Зыходзячы з (не)трапляння ў нейкі з гэтых спісаў шмат у чым вызначаецца лёс «бюджэтніка»: ці можа ён стаць дзяржслужбоўцам, ці зможа пабудаваць кар'еру ў дзяржаўнай структуры, і наогул ці атрымаецца ў яго ўладкавацца на працу ў дзяржаўную структуру.

Другі клас — «прыватнікі». Нягледзячы на сваю долю ў эканоміцы, любы бізнэсмен для рэжыму з'яўляецца ворагам, сапраўдным класавым ворагам. Таму што прыватнік не заробак ад дзяржавы «атрымлівае», а сам «зарабляе» на свой хлеб. Бо не дзяржава вырашае, што, дзе і калі прыватніку рабіць, а ён сам распараджаецца сваімі часам, грашыма і ініцыятывай. Таму што не прыватны сектар фінансуецца дзяржавай, а дзяржава — прыватным сектарам.

І для таго, хто хоча кантраляваць усё, такое становішча спраў непрымальнае. Таму любы «прыватнік» (калі ён не «кашалёк рэжыму») разглядаецца ўладай з пункту гледжання прэзумпцыі вінаватасці, проста па факце сваёй адноснай незалежнасці ад дзяржавы. І задача ўладаў — у тым, каб пастаянна нагадваць прыватніку аб адноснасці яго незалежнасці ад дзяржавы. Нагадваць новымі падаткамі, пастаяннымі праверкамі, перманентнымі перарэгістрацыямі, пераліцэнзаваннямі і іншымі спосабамі. Проста каб, па-першае, трымаць усё пад максімальна жорсткім кантролем, а па-другое, пастаянна «шліфаваць тлушч» з праклятых буржуяў.

Калі вяртацца да логікі патрабаванняў, то з боку рэжыму да прыватніка сістэма патрабаванняў простая — за права працаваць у Беларусі трэба без усялякіх пярэчанняў падпарадкоўвацца ўсім патрабаванням і плаціць, плаціць, плаціць.

Акрамя двух асноўных класаў, па дзеяннях уладаў выразна вылучаюцца яшчэ некалькі дэкласаваных груп.

«Трэці сектар» — гэта тыя, хто і не бюджэтнікі, і не прыватнікі; нейкія незразумелыя і слабакантраляваныя самаарганізаваныя структуры, якія спрабуюць замест дзяржавы вырашаць праблемы і клапаціцца пра неабароненыя пласты насельніцтва, экалогію, правы чалавека і іншыя малазразумелыя рэчы. Гэта яшчэ большыя ворагі, чым прадстаўнікі прыватнага сектара, ворагі экзістэнцыйнага плана. І не столькі ад таго, што трэці сектар — пятая калона, фундаваная калектыўным Захадам. А таму, што сваімі дзеяннямі, самім сваім існаваннем структуры грамадзянскай супольнасці ставяць пад сумнеў усёмагутнасць дзяржавы, яе татальную неабходнасць для грамадства.

Таму для трэцяга сектара ва ўладаў ёсць толькі адно патрабаванне — выбраць адзін з двух магчымых варыянтаў: а) самаліквідавацца (самараспусціцца, закрыцца, знікнуць, сцерці памяць пра сябе) або б) інкарпаравацца ў склад «прадзяржаўнага грамадства» (таму што правільнага грамадства па-за дзяржавай не бывае).

Яшчэ адна дэкласаваная група — «дармаеды», яны ж сацыяльныя ўтрыманцы, яны ж працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы. У адрозненне ад прыватнікаў ці прадстаўнікоў трэцяга сектара, для дзяржавы гэта, вядома. не ворагі. Гэта проста яшчэ адныя носьбіты таго самага ўяўнага «тлушчыку», думаючы пра які беларускі рэжым пачынае пажадна паціраць свае ручкі.

Патрабаванне да прадстаўнікоў гэтай групы таксама толькі адно — плаціць. Плаціць за ўсё па павышаных тарыфах: за камуналку, за медыцыну, за падарункі ад сваякоў.

Самая дыскрымінаваная з усіх дэкласаваных груп — «палітычныя». Гэта людзі, якія адкрыта сказалі рэжыму «Не!». У гэтую групу варта ўключыць не толькі прызнаных праваабаронцамі палітычных зняволеных і/або тых, хто трапляе ў «экстрэмісцкі» / «тэрарыстычны» спісы. Гэта яшчэ і ўсе асуджаныя за нязгоду з рэжымам або за падтрымку Украіны (як на калонію, так і на так званую «хімію»). І ўсе тыя, хто ўжо адседзеў і выйшаў, атрымаўшы ў асабістую справу пазнаку «палітычны» і месца ў базе «БЕСпарадкі».

Яны ўсе — «палітычныя», таму што для рэжыму былых «палітычных» не будзе. Для ўсіх іх гарантаваныя: пастаянныя праверкі з боку «праваахоўных» органаў, рызыкі новых пасадак, праблемы з пошукам працы і іншае.

А патрабаванне да іх з боку ўладаў простае — зламіцеся, прызнайце паразу і тое, што не мелі рацыі, знікніце як група, як клас, як суб'екты. Станьце шэрай безаблічнай масай, якая будзе бяздумна падпарадкоўвацца і выконваць усе патрабаванні рэжыму. Або — з'едзьце! Як суб'екты, як асобы, як грамадзяне вы рэжыму не патрэбныя.

І апошнія — гэта тыя, каго называюць «з'ехаўшымі». Для рэжыму людзі, якія пакінулі тэрыторыю Беларусі, асабліва з палітычных прычын, не проста адрэзаная луста і ўжо практычна «не-грамадзяне», на якіх іх улада ўжо не распаўсюджваецца. Не проста дэмаграфічныя страты і памяншэнне аб'ёмаў рабочай сілы ў якасці рэжымнай кармавой базы. Тыя, хто з'ехаў — жывы напамін пра тое, што «жнівень 20-га» быў, што ранейшай «народнай падтрымкі» няма, што «легітымнасць» дзейнай улады забяспечваецца толькі дубінкамі і штыкамі, што «кароль — голы!».

Таму якія могуць быць да іх патрабаванні, асабліва калі заклік «пакайцеся і паўзіце на каленях» не працуе. Ніякіх патрабаванняў, толькі імкненне прычыніць па магчымасці як мага больш праблем, хваляванняў і пакут.

Ну і так, час ад часу паўтараць: «Пакайцеся, адракайцеся, прызнайце віну і што вы не мелі рацыі!..»

Але не. Толькі пасля вас.

Чытайце таксама:

«Стрыжнёвым словам, якое спалучала б сакральнае і штодзённае, палітычнае і культурнае, магла б стаць «беларушчына»

Бясконцае цярпенне беларусаў — праўда ці міф? Сацыёлаг Генадзь Коршунаў разважае пра страх і тлумачыць логіку цяперашніх рэпрэсій

Коршунаў Карбалевічу: Дзве Беларусі сапраўды існуюць, але яны не падзеленыя межамі

Nashaniva.com