Першая ахвяра тонкага лёду. У Быхаўскім раёне мужчына праваліўся пад лёд і патануў
Трагічнае здарэнне адбылося ў аўторак удзень на возеры Маславічы паблізу вёскі Вароніна Быхаўскага раёна.
22.11.2023 / 10:49
Фота: МНС
Ратавальнікі выявілі на паверхні возера на адлегласці каля 8 м ад берага палонку. На беразе знаходзіўся мужчына, які растлумачыў, што яго знаёмы паспрабаваў праверыць трываласць лёду ў возеры для рыбнай лоўлі і праваліўся ў ваду, піша МНС.
Мужчына ў момант здарэння знаходзіўся ў машыне і нічога не бачыў, а потым, калі пайшоў шукаць свайго сябра, выявіў палонку.
Ратавальнікі дасталі на бераг цела 35-гадовага мужчыны, жыхара Быхава.
З прыходам першых маразоў вада ў вадаёмах пакрываецца лёдам, на які спяшаюцца выйсці аматары-рыбакі і дзеці, імкнучыся выпрабаваць лёд на трываласць. Першы лёд вельмі падступны, ён толькі здаецца трывалым, а насамрэч ён не вытрымае цяжару не толькі дарослага чалавека, але і дзяцей, папярэджвае МНС.
Як правіла, падчас станаўлення лёду, вадаёмы замярзаюць нераўнамерна, па частках: спачатку ля берага, а затым ужо на сярэдзіне. На азёрах, сажалках лёд з'яўляецца раней, чым на рэчках, дзе плынь затрымлівае яго ўтварэнне.
Чытайце таксама:
Злодзей перасунуў кубак і лыжкі і так выдаў сябе