«Ёй трэба было шмат працаваць, каб іх утрымліваць». У Ляхавіцкім раёне на пажары загінулі двое дзяцей

У вёсцы Сваяцічы сёння раніцай згарэў дом. Маці была на працы, а дзеці сядзелі дома адны.

22.11.2023 / 11:05

Фота: СК

Ратавальнікі пры ліквідацыі пажару знайшлі целы дваіх дзяцей: 4-гадовага хлопчыка і 7-гадовай дзяўчынкі, паведамляе СК.

Дзяўчынка вучылася ў другім класе, хлопчык хадзіў у дзіцячы сад. Яшчэ двое старэйшых дзяцей жывуць у Ляхавічах, вучацца ў каледжы, піша «Наш край». 

— Жанчына добрая, не якая п'е, працавітая. Некалькі гадоў таму прагнала мужа, засталася адна з чатырма дзецьмі. Ёй трэба было шмат працаваць, зарабляць, каб іх утрымліваць. Вось і ў гэтую раніцу, калі дом загарэўся, яна была на працы, на ферме. Страшная трагедыя, жудасны збег абставінаў, але віны маці ў тым, што адбылося, няма. Яна вельмі добра іх глядзела, клапацілася, выхоўвала, — распавялі выданню аднавяскоўцы.

На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група.

Nashaniva.com