Кнігу палітзняволенага Міколы Дзядка выдалі па-польску

Кнігу палітзняволенага анархіста Міколы Дзядка «Фарбы паралельнага свету» ў верасні надрукавалі па-польску ў познаньскім выдавецтве Bractwo Trojka, паведамляе Budzma.org. Тэкст перакладалі Аляксандр і Вольга Ланеўскія.

22.11.2023 / 20:46

«Фарбы паралельнага свету» Мікола Дзядок пісаў, знаходзячыся ў зняволенні ў 2010—2015 гадах па «справе анархістаў». Некаторыя тэксты паўсталі ўжо на волі ў 2015—2016 гадах. У прадмове да польскага перакладу Аляксандр Ланеўскі распавядае пра акалічнасці, у якіх з’явілася кніга, пра лёс Міколы пасля вызвалення, чаму ён зноў трапіў за краты. Перакладчык таксама апісвае цяперашнюю сітуацыю, у якой апынуўся Мікола ды іншыя беларускія палітвязні.

«Фарбы паралельнага свету» — зборнік успамінаў і эсэ беларускага палітвязня Міколы Дзядка… — адзначана на сайце выдавецтва. — Яны тычацца «маляўнічых» момантаў турэмнай рэчаіснасці — камічных і жахлівых, аптымістычных і змрочных. Як дэклараваны анархіст, Дзядок уводзіць у свае назіранні разважанні пра палітычны характар усяго перажытага і аналіз механізмаў кантролю, як у крымінальна-выканаўчай сістэме, так і ў грамадстве ў цэлым.

Кнігу можна набыць па спасылцы.

Беларускую версію кнігі Міколы Дзядка «Фарбы паралельнага свету» можна спампаваць у інтэрнэт-бібліятэцы kamunikat. У 2017 годзе за гэту кнігу аўтар быў уганараваны прэміяй імя Францішка Аляхновіча.

12 лістапада 2020 года Мікола Дзядок быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіКа. 24 лістапада супольнай заявай 11 праваабарончых арганізацый яго прызналі палітвязнем. 10 лістапада 2021 года анархіста пакаралі 5 гадамі зняволення.

Чытайце таксама:

«Сядзіць у адзіночцы, вучыць нямецкую і арабскую». З'явіліся навіны пра палітвязня Міколу Дзядка

Мікалай Дзядок з-за кратаў: Дапамагае трымацца — гэта дакладнае разуменне таго, дзеля чаго ты цярпіш

Бацька палітвязня Міколы Дзядка: Падтрымкі вельмі не хапае

Nashaniva.com