«Байсол» аб'явіў акцыю «Падорым дзецям цуд», Ігар Случак падтрымаў яе аўкцыёнам
Фонд салідарнасці Bysol абвясціў акцыю, якая ў апошнія гады стала ўжо традыцыйнай. Мэта яе — парадаваць дзяцей палітвязняў на калядныя святы.
23.11.2023 / 18:09
«У многіх беларускіх дзетак хтосьці з бацькоў (а часам і абодва) у гэты час знаходзіцца за кратамі па палітычных матывах. Многія сем'і вымушаныя будуць сустракаць навагоднія святы ў чужой краіне, у растанні, не маючы магчымасці зрабіць традыцыйныя падарункі родным.
Для нас, Беларускага Фонда Салідарнасці BYSOL, важна, каб у гэтыя часы ў сем'ях палітзняволеных свята адбылося нягледзячы ні на што.
Разам з вамі мы можам зрабіць так, каб палітзняволеныя бацькі падарылі сваім дзецям крыху радасці ў гэтыя дні. Дзякуючы цудам, якія мы разам можам зрабіць, як герой вядомай песні, — піша «Байсол», аб'яўляючы збор з намерам сабраць не менш чым 20 000 еўра.
Ахвяраваць на падарункі дзецям палітвязнаў можна па спасылцы.
На падарунак для кожнага дзіцяці плануецца выдзеліць па 100 еўра.
У падтрымку гэтай акцыі выступіў вядомы грамадскі актывіст, «моўны інспектар» і бацька двух малых дзяцей Ігар Случак, які нядаўна разам з сям'ёй пры дапамозе Bysol эвакуяваўся з Беларусі.
Ён ад свайго імя аб'явіў дабрачынны аўкцыён, на які выставіў блок даволі рэдкай маркі «Белпошты» са сваёй асабістай калекцыі. На ёй — рэпрадукцыя легендарнай і культавай карціны «Ева» Хаіма Суціна, што стала адным з сімвалаў пратэстаў 2020 года.
«Не ведаю, чым я кіраваўся падчас эвакуацыі, але замест дыплома аб адукацыі або пальчатак узяў гэты блок марак. То няхай яны паслужаць добрай справе. Усе атрыманыя сродкі пойдуць на калядныя падарункі дзецям палітвязняў», — напісаў Ігар Случак у фэйсбуку.
Пачатковая стаўка вызначаная ў 100 еўра, то-бок у кошт падарунка для аднаго дзіцяці, мінімальны крок — 15 еўра.
Стаўку можна рабіць у каментарах публічна, або, калі публічнасць немагчымая ці непажаданая, ёсць варыянт напісання аўтару ў асабістыя паведамленні.
Аўкцыён завершыцца 26 лістапада ў 10:16 па Мінску, маркі атрымае чалавек, чыя стаўка будзе найвышэйшай.
На момант публікацыі гэтага матэрыялу стаўка дарасла да 215 еўра.
Чытайце таксама:
«Працягваю працаваць». Стрыжак з паламанай рукой зняў новае відэа
«Незнаёмка прыйшла і дала 500 даляраў». Гісторыі таго, як беларусы дапамагаюць землякам у бядзе
За суткі беларусы сабралі 5000 еўра для Аліны Нагорнай і Ігара Случака