Жонка мабілізаванага расіяніна купляе на яго заробкі дарагія гаджэты, а на шкарпэткі мужу збірае грошы ў падпісчыц
Дар’я Папоўская — жонка Дзмітрыя, якога мабілізавалі ў верасні 2022 года. У сваім інстаграме яна расказвае, як разам з маленькімі дзецьмі чакае каханага, і паказвае, што набывае на яго заробак. А на шкарпэткі мужу збірае грошы ў падпісчыц.
26.11.2023 / 22:02
Фота: інстаграм dashkopopovskaya
Дар’я сцвярджае, што Дзмітрый пайшоў на вайну не для таго, каб зарабіць на кватэру ці нешта іншае, а таму што «так атрымалася» (трэба ўдакладніць, што ваяваць ва Украіну ён паехаў тады, калі іх двайнятам не было нават года). І расказвае, што муж цяпер зарабляе 200 тысяч расійскіх рублёў штомесяц (прыкладна 2250 даляраў). Яна таксама выхваляецца тым, што цяпер можа сабе дазволіць, — напрыклад, тэлефонам за 100 тысяч расійскіх рублёў (прыкладна 1125 даляраў), велізарным плазменным тэлевізарам і новым лецішчам.
Перыядычна Дар’я збірае грошы ў падпісчыц на «гуманітарную дапамогу» — нават на шкарпэткі і пальчаткі. Зараз яна вырашыла сабраць на сваю банкаўскую картку грошы на дызельны генератар за 106 тысяч расійскіх рублёў (каля 1193 даляраў).
Скрыншот сторыс у інстаграме dashkopopovskaya
Адна з падпісчыц пацікавілася, чаму самі родныя мабілізаваных не могуць набыць гэты генератар, калі на яго хопіць паловы месячнага заробку ўсяго аднаго чалавека. Жонка мабілізаванага абурылася і запісала адказ у сторыс:
«Ведаеце, я нават не грубіяніла гэтай дзяўчыне. Тэлефоны, лецішчы, плазмы мы купляем за свае грошы сабе ў кватэру. Многія правільна напісалі, што гэта не асабіста для мяне, не асабіста для Дзімы — гэта для ўсіх хлопцаў. Ёсць яшчэ такое пытанне, што ў іх заробак 200 тысяч. Гэта так. Я ніколі гэтага не хавала. Толькі хлопцы там штомесяц скідаюць нейкую суму ў «абшчак».
То-бок мой Дзіма павінен узяць і аддаць палову свайго заробку на патрэбы ўсіх хлопцаў? Можна сказаць, а чаму ўсе не скінуцца? Адкажу: хлопцы там многія не па сваёй волі. Так, заробак нядрэнны, я таксама з гэтым згодна. Але давайце знойдзем мужыка, які памяняецца з маім Дзімам месцамі. А чаму б не? Мне не патрэбны гэты заробак. Яму ён таксама не патрэбны. Але раз так атрымалася, то чаму яны там, цэлы год жывучы ў зямлі, павінны траціць па палове свайго заробку на тое, каб проста выжываць? А мы тут класныя такія сядзім у кватэрах, у дамах у цяпле і разважаем».
Дарэчы, большасць падпісчыц падтрымалі Дар’ю і неабходную суму яна атрымала менш чым за дзень.
Чытайце таксама:
ААН: Ва Украіне загінула не менш за 10 тысяч мірнага насельніцтва
Украіна мае права ліквідаваць Пуціна пры першай жа магчымасці — Зяленскі