Луўр заплаціў дзясяткі мільёнаў еўра за карціну, якую збіраліся выкінуць у сметніцу
Пажылая францужанка прыбіралася ў сваім доме і знайшла старую карціну, якую захацела выкінуць. Цяпер гэты твор мастацтва быў выкуплены парыжскім музеем за вялікія грошы. Расказваем, што за ён і чаму яго палічылі такім каштоўным.
26.11.2023 / 10:43
Парыжскі Луўр. Фота: Pixabay
Карціна вядомага фларэнтыйскага мастака Чымабуэ «Асмейванне Хрыста» доўгі час лічылася зніклай. Аднак у 2019 годзе яна была адкрыта ізноў, калі пажылая францужанка знайшла карціну ў сябе на кухні і спачатку хацела выкінуць у смецце, але ўсё ж прынесла яе спецыялістам на праверку. Аб гэтай гісторыі піша выданне The Guardian.
Пасля таго, як жанчына прынесла экспертам сваю знаходку, было вырашана паказаць яе прафесійным мастацтвазнаўцам у Парыжы. Тады меркавалася, што праца можа каштаваць 400 тысяч еўра.
Але парыжскія мастацтвазнаўцы заявілі, што быў знойдзены менавіта арыгінал карціны і ён будзе каштаваць значна больш.
«Асмейванне Хрыста», Чымабуэ, 1280 год. Крыніца: Луўр
Тады прадстаўнікі Луўра вырашылі прыкласці ўсе намаганні для таго, каб набыць «Асмейванне Хрыста» сабе ў калекцыю. Чакалася, што гэта будзе адзін з найстарэйшых твораў эпохі Рэнесансу ў парыжскім музеі.
«Луўр патраціў 4 гады на атрыманне карціны сабе. Прадстаўнікі музея спадзяваліся выкупіць яе на аўкцыёне, на якім твор спачатку ацэньвалі ад 4 да 6 мільёнаў еўра. Музей, аднак, не здолеў гэта зрабіць, бо «Асмейванне Хрыста» выкупілі за 19,5 мільёнаў, а агульны кошт карціны склаў 24 мільёны», — распавядае The Guardian.
Тады міністэрства культуры Францыі абвясціла карціну «нацыянальным здабыткам» і забараніла вывозіць яе з тэрыторыі краіны. Луўр атрымаў 30 месяцаў на збор неабходных сродкаў для набыцця твора Чымабуэ.
Пры гэтым ні Луўр, ні міністэрства культуры потым афіцыйна не паведамлялі, за колькі дакладна была набыта карціна і якім чынам на яе знайшлі грошы. Аднак вядома, што яны збіралі данаты і заахвочвалі мецэнатаў ахвяраваць грошы, за што абяцалі ім дадатковыя падаткавыя ільготы, адзначае The Guardian.
Карціна аўтарства фларэнтыйскага мастака Джавані Чэні дзі Пепа (больш вядомага пад прозвішчам Чымабуэ) была напісана ў 1280 годзе. Мяркуецца, што гэта толькі адна з васьмі частак паліпціха Чымабуэ, пяць з якіх усё яшчэ лічацца згубленымі.
«Асмейванне Хрыста» не вельмі вялікая па памеры: усяго 25 на 20 сантыметраў. Яна мае залаты фон, на якім адлюстраваныя здзекі з Ісуса Хрыстом перад ягоным распінаннем на Галгофе.
Сам Чымабуэ нарадзіўся ў 1240 годзе ва Фларэнцыі і памёр у 1302 годзе ў Пізе. Мастацтвазнаўцы прыпісваюць яму навучанне геніяльнага архітэктара і жывапісца Джота дзі Бандонэ, які стаў больш вядомым за свайго настаўніка і кім пасля натхняліся Леанарда Да Вінчы, Рафаэль Санці і Мікеланджэла Буанароці.
А жанчына, на чыёй кухні знаходзілася «Асмейванне Хрыста», на жаль, не дачакалася атрымання такой вялікай сумы за сваю знаходку. Яна памерла ва ўзросце 90 гадоў праз 2 дні пасля аўкцыёну.
Чытайце таксама:
У Расіі прадалі на аўкцыёне старажытную грамату аб наданні герба беларускай Дзісне
Карціну Пабла Пікаса прадалі за 139 мільёнаў даляраў
Ці ёсць у віцебскага музея шанцы набыць карціну Марка Шагала?