Фонд спартовай салідарнасці хоча лабіраваць зняцце санкцый з дзіцяча-юнацкага спорту. Гэта выклікала спрэчку
Старшыня Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін апублікаваў пост пра неабходнасць зняцця міжнародных абмежаванняў з дзіцяча-юнацкага спорту Беларусі — гэта пытанне, паводле яго слоў, актыўна абмяркоўваюць у фондзе. Апейкін тлумачыць, чаму гэта трэба зрабіць.
27.11.2023 / 22:35
Фонд спартовай салідарнасці хоча лабіраваць зняцце санкцый з дзіцяча-юнацкага спорту. Фота: fcmolodechno1949 / vk.com
Старшыня Беларускага фонду спартовай салідарнасці піша, што пасля ўварвання расійскіх войск ва Украіну з тэрыторыі Беларусі пад санкцыі МАК і міжнародных федэрацый патрапілі не толькі дарослыя зборныя і каманды нашай краіны, але і дзіцяча-юнацкія. Амаль увесь дзіцячы спорт быў адхілены ад міжнародных спаборніцтваў. Калі з дарослымі зборнымі і клубамі ўсё зразумела, то з дзіцячым і юнацкім спортам сітуацыя выглядае больш супярэчліва, мяркуе Апейкін.
«Апроч падзення ўзроўню падрыхтоўкі і спартовага майстэрства маладых беларускіх спартоўцаў, мы яшчэ маем сурʼёзны вектар на русіфікацыю, бо дзеці ездзяць зараз на спаборніцтвы не ў Польшчу, Літву, Германію ці Данію, а ў Растоў, Маскву, Варонеж і Екацярынбург. Гэта вельмі кепская тэндэнцыя, бо на выхадзе праз пару гадоў мы як грамадства атрымаем малапрафесійны, арыентаваны на рускі свет нацыянальны спорт. Наўрад ці гэта ў нашых інтарэсах», — даводзіць Апейкін.
Ён піша, што важна, каб беларуская спартовая сфера была інтэгравана ў еўрапейскую прастору, а не расійскую ці азіяцкую.
«Гэтае пытанне мае як цывілізацыйнае, так і практычнае вымярэнне, бо ўзровень спаборніцтваў у заходніх краінах значна больш высокі, што надае штуршок для развіцця», — мяркуе ён.
Паводле Апейкіна, размова ідзе пра выступы і ўдзелы ў міжнародных спаборніцтвах пад нейтральным сцягам без дзяржаўных сімвалаў. Захады па скасаванні міжнародных абмежаванняў павінны датычыцца дзяцей і падлеткаў да 18 гадоў, а ў некаторых відах спорту да 16 гадоў у залежнасці ад спецыфікі.
Перад тым як планаваць пэўныя захады (звароты да МАК і міжнародных федэрацый) Апейкін збірае меркаванні і прапановы на гэты конт.
У каментарах да паста Апейкіна ў фэйсбуку карыстальнікі звярнулі ўвагу, што такая ініцыятывы павінны быць інструментам гандлю з рэжымам. Напрыклад, трэба ўзамен патрабаваць вызваліць непаўналетніх палітвязняў ці адпусціць зняволеных маці да дзяцей.
«Я б наогул тэму спорту нашмат больш актыўна выкарыстоўвала ў пытанні палітвязняў», — напісала юрыстка Кацярына Дэйкала.