Мама ў Баранавічах купіла для 9-месячнага сына печыва, а там апынуўся дрот
Маладая мама з Баранавічаў Вераніка Чачора купіла свайму маленькаму сыну дзіцячае печыва, якое, паводле вытворцы, лёгка растае ў вадзе ці малацэ. Аднак жанчыну і яе дзіця чакала непрыемнасць, якую яны цудам пазбеглі. Гісторыю жанчына распавяла «Нашаму краю».
29.11.2023 / 14:30
10 лістапада Вераніка набыла дзіцячае печыва «Лапушка» кандытарскай фабрыкі «Слодыч» для дзяцей з шасці месяцаў у краме «Марцін». Яе сыну — дзевяць месяцаў. Дастаўшы печыва з упакоўкі, яна хацела даць малому печыва, але, прыгледзеўшыся, убачыла там дрот унутры.
У краме грошы за няякасны тавар жанчыне вярнулі і накіравалі яго на фабрыку для рэагавання.
Вераніка Чачора напісала электронны зварот на электронны адрас «Слодычы». У адказе, які яна атрымала, падрабязна апісаны тэхналагічны працэс вытворчасці і тое, якія пункты кантролю прадугледжаны. Сярод іх — сіты, магнітныя сепаратары і металадэтэктары.
Але камісіі прадпрыемства не ўдалося ўстанавіць прыроду і прычыну трапляння дроту ў печыва, бо на ўсіх этапах вытворчасці, пішуць яны, ёсць пункты кантролю.
«Такім чынам, верагоднасць зʼяўлення дадзенага чужога ўключэння нясе выключна выпадковы характар і не носіць сістэмнасці. Просім прабачэння за інцыдэнт», — гаворыцца ў адказе.
Маладая маці палічыла адказ фабрыкі за адпіску і не збіраецца спыняцца: будзе звяртацца ў санстанцыю Партызанскага раёна Мінска з просьбай правесці праверку на фабрыцы. Вераніка ўпэўнена, што ў момант вытворчасці абсталяванне, якое павінна выявіць металічныя ўключэнні, не працавала або працавала некарэктна.
Таксама ёй прапанавалі наведаць фабрыку з экскурсіяй і ўбачыць увесь працэс вытворчасці на свае вочы.