Качанава па выніках пасяджэння калегіі МУС заявіла, што выбарчая кампанія павінна прайсці зладжана і арганізавана

Паведамляецца, што праца органаў унутраных спраў будзе накіраваная на прадухіленне правакацый.

01.12.2023 / 15:42

Фота: БелТА

Выбарчая кампанія ў Беларусі павінна прайсці зладжана і арганізавана, заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава журналістам па выніках пасяджэння калегіі МУС, піша БелТА.

«Выбарчая кампанія ў нашай краіне праводзіцца заўсёды вельмі масава, ствараецца вялікая колькасць участковых камісій, — адзначыла Наталля Качанава. — Усё павінна прайсці зладжана, арганізавана, без эксцэсаў. Праваахоўныя органы павінны спрацаваць вельмі выразна. Самае галоўнае — бяспека нашых грамадзян пры правядзенні гэтага важнага палітычнага мерапрыемства».

Яна дадала, што праца органаў унутраных спраў будзе накіраваная на прадухіленне правакацый. Супрацоўнікам ДАІ трэба звярнуць увагу на пад'езды, падыходы да месцаў правядзення галасавання.

Перад пачаткам пасяджэння калегіі старшыня Савета Рэспублікі наведала ваенна-патрыятычны клуб «Рысь», які функцыянуе на базе вайсковай часткі №3214. Школьнікі ўручылі Наталлі Качанавай памятныя падарункі.

Чытайце таксама:

Выбары афіцыйна прызначаныя на 25 лютага 2024 года

Навошта старшыня ЦВК Карпенка ездзіў да сілавікоў

Зрабіў бізнэс на смецці. Хто такі Дзмітрый Кучук, які хоча балатавацца ў Палату прадстаўнікоў

Nashaniva.com