Лукашэнка актыўна прасоўвае Беларусь на афрыканскім кантыненце. Але ці зацікаўлена Афрыка ў Беларусі? Тлумачыць эканаміст
На Сусветным саміце па барацьбе са змяненнем клімату, што праходзіў у Дубаі, Аляксандр Лукашэнка асаблівую ўвагу надаваў не кліматычным пытанням, а размовам з кіраўнікамі афрыканскіх краін. Але лічбы экспарту паказваюць цікавую карціну.
04.12.2023 / 10:00
Фота: скрыншот з відэа
Замест росту назіраецца зніжэнне
Эксперт BEROC Анастасія Лузгіна адзначае, што агулам афрыканскі кантынент лічыцца перспектыўным напрамкам.
«Афрыка — гэта вялікі рэгіён, які актыўна расце. Там пражывае каля 1,4 мільярда чалавек. Гэта рынак, які здольны шмат чаго спажыць. Таму ў Беларусі не прыхоўваюць, што разглядаюць афрыканскі кантынент як адзін з перспектыўных напрамкаў для прасоўвання сваіх тавараў», — кажа Лузгіна.
Пры гэтым эканаміст звяртае ўвагу на той факт, што ніякіх поспехаў у гэтым кірунку пакуль не дасягнута, а замест росту наадварот назіраецца зніжэнне.
Пік экспарту ў краіны Афрыкі быў дасягнуты ў дакавідным 2019 годзе, калі беларускі экспарт перавысіў 400 мільёнаў даляраў.
«Па выніках мінулага года гэты паказчык быў у раёне 200 мільёнаў даляраў, што зусім мала для Беларусі», — адзначае эксперт.
Значнае падзенне экспарту ў краіны Афрыкі шмат у чым абумоўлена тым, што адным з ключавых тавараў у гэты рэгіён былі калійныя ўгнаенні. Некаторыя краіны кантынента забяспечваліся пераважна беларускай прадукцыяй.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
«Пастаўкі калійных угнаенняў ажыццяўляліся праз Літву, а літоўскі порт цяпер закрыты для беларускага калію. Акрамя таго, да лагістычных цяжкасцяў дадаюцца праблемы з разлікамі.
Апроч калію гаворыцца пра пастаўкі харчавання, абсталявання і машын. Але кожная з гэтых галін сутыкаецца з праблемамі. У першую чаргу з лагістычнымі.
Па-першае, мы знаходзімся вельмі далёка, а што тычыцца абсталявання і машын, то акрамя пытанняў з пастаўкамі, узнікаюць пытанні, звязаныя з недахопам спецыялістаў, якія будуць умець карыстацца гэтым абсталяваннем, таксама трэба развіваць сэрвіснае абслугоўванне», — кажа Лузгіна.
Ці зацікаўлены краіны Афрыкі ў Беларусі?
Эканаміст мяркуе, што сціплыя паказчыкі ў працы з кантынентам могуць быць абумоўленыя ў тым ліку тым, што самі краіны Афрыкі не моцна зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з Беларуссю.
Лузгіна адзначае, што адмова прэзідэнта Зімбабвэ наведаць Беларусь гэтай зімой можа быць адным з сігналаў, якія паказваюць на гэта.
Эмерсан Мнангагва і Аляксандр Лукашэнка. Фота: скрыншот з відэа
«Беларусь не з'яўляецца для іх прыярытэтам. У развіцці адносін з афрыканскімі дзяржавамі зацікаўлены Кітай, Расія. Афрыцы больш выгадна наладжваць супрацоўніцтва з імі, а не з Беларуссю, якая не толькі знаходзіцца вельмі далёка, але і не мае выхаду да мора і можа мала чаго прапанаваць».
На думку эксперта, сам факт, што Лукашэнка асабіста сышоў у «прамыя продажы», сведчыць пра тое, што справы ідуць не вельмі.
«Для нашага ўрада склалася вельмі складаная сітуацыя для прасоўвання нашых тавараў. Таму Лукашэнка скарыстаўся магчымасцю сустрэцца з кіраўнікамі краін Афрыкі, і ўжо на сваім узроўні асабіста падключыўся да пытанняў прасоўвання Беларусі на афрыканскім кантыненце», — лічыць Лузгіна.
Калі Беларусі ўдасца дасягнуць запланаваных вынікаў па нарошчванні экспарту ў краіны Афрыкі ў 2,5 раза, то гэта ўсё роўна мала, лічыць яна.
«Нават калі атрымаецца нарасціць аб'ём экспарту да мільярда даляраў у год, то гэта ўсё роўна нельга назваць вялікім поспехам, бо гаворка ідзе пра ўвесь афрыканскі кантынент з яго велізарным рынкам», — адзначае Лузгіна.
Для параўнання, беларускі экспарт у Латвію з яе насельніцтвам блізу 1,9 мільёна чалавек летась склаў каля 300 мільёнаў даляраў, што прыблізна ў паўтара раза больш, чым экспарт ва ўсе краіны Афрыкі разам узятыя.
Чытайце таксама:
«Прапануем 2000-2500 рублёў на рукі — закрыць вакансіі няма кім». Бізнэс не можа знайсці работнікаў
Сусветныя цэны на калійныя ўгнаенні вярнуліся на перадваенны ўзровень. Што гэта азначае для Беларусі