Украінска-беларускі футбаліст Арцём Мілеўскі, стан якога хваляваў заўзятараў, апублікаваў свае новыя фоты
У верасні стала вядома пра шпіталізацыю футбаліста Арцёма Мілеўскага. Што з ім дакладна, не паведамлялі. Але яго стан даўно выклікаў заклапочанасць заўзятараў. І вось Мілеўскі апублікаваў новыя фота.
04.12.2023 / 14:25
Фота: timi1010 / Instagram
На новых здымках бачна, што Арцём выглядае свежым і бадзёрым.
У верасні экс-гулец зборнай Украіны Аляксандр Аліеў распавёў пра стан свайго сябра і былога беларускага футбаліста Арцёма Мілеўскага.
«Дзякуй богу, яго ўдалося пакласці ў бальніцу. Ён ужо на працягу пяці дзён там. Стан, вядома, вельмі цяжкі, але нічога, дактары змагаюцца», — казаў ён.
Што менавіта здарылася з Мілеўскім, дакладна невядома. Апошнім часам яго прыхільнікі адзначалі, што 38-гадовы Мілеўскі выглядаў не найлепшым чынам.
У пачатку гэтага года ўкраінскі журналіст Сяргей Балотнікаў расказваў: «Я так разумею, што Мілеўскага вельмі псіхалагічна прыбіла вайна. Ён нічога не хоча. Мне падаецца, што ў яго прафесійная дэпрэсія. Ён не можа сябе рэалізаваць у цяперашніх умовах».
У тым жа ключы выказваўся спартыўны каментатар Раман Бебех: «Я з Мілеўскім размаўляў — на яго моцна паўплывала вайна, калі ён убачыў, як бамбяць, як паміраюць людзі. Ён не хоча здымаць кантэнт, лічыць, што [цяпер] гэта не важна. Ён толькі адыходзіў ад завяршэння кар'еры, пачалася вайна — і гэта яшчэ больш яго зацягнула ў дэпрэсіўны стан. На яго ўплывае ўсё: што прылятае з ягонай роднай краіны, што бацькі не разумеюць».