«Быў выяўлены яго аварыйны стан». Гомельскія ўлады знеслі гістарычны будынак на тэрыторыі парку
У сеціве распаўсюдзілася відэа, на якім экскаватар зносіць будынак ля выхаду з Гомельскага парку. Многія гомельцы памылкова падумалі, што знішчаецца старая прыбіральня. Але, як аказалася, у XIX стагоддзі ў гэтым будынку месцілася крама, піша «Флагшток».
04.12.2023 / 18:36
Будынак быў пабудаваны ў цагляным стылі ў XIX стагоддзі і, хутчэй за ўсё, у ім знаходзіліся крамы для абслугоўвання раёна Спасава Слабада.
Аб'ект знаходзіўся на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці «Палацава-паркавы ансамбль» 0 катэгорыі — гэта азначае, што каштоўнасць альбо ўключаная, альбо прапануецца для ўключэння ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Не заўважыўшы зносу гістарычнага будынка, газета «Гомельская праўда» паспяшалася растлумачыць сітуацыю:
«Хтосьці паспяшаўся з высновамі, напісаўшы ў каментарах пра канчатковае закрыццё і нават знос аб'екта ў парку атракцыёнаў. Паспяшаемся супакоіць песімістычна настроеных грамадзян: ніякага зносу не будзе».
Калі верыць газеце, некаторыя гомельцы прынялі будынак, які зносіўся, за адзіную ў парку прыбіральню. Але насамрэч будынак толькі ўваходзіў у комплекс прыбіральні.
Будынак да зносу
Дырэктар КУП «Гомельскі парк» Віктар Гутыр расказаў «Гомельскай праўдзе», што прыбіральню закрылі на рэканструкцыю — яе «абновяць унутры і звонку, пашыраць жаночае аддзяленне». Прычыну зносу будынка XIX стагоддзя ён не назваў.
«Флагшток» патэлефанаваў Віктару Гутыру, каб удакладніць сітуацыю:
«Па нашых дакументах, пабудова 1981 года, тая частка будынка, якая знесена ў выніку рэканструкцыі прыбіральні, быў выяўлены яго аварыйны стан, пра што далі заключэнне эксперты БелДУТа праектнаму інстытуту Гомельаблбудпраект».
На пытанне аб узгадненні зносу з Міністэрствам культуры дырэктар адказаць адмовіўся і прапанаваў сустрэцца асабіста.
Чытайце таксама:
МНС паказала, як ювелірна падарвала недабуд у Воранаўскім раёне ВІДЭА