Які цяпер рэйтынг у Лукашэнкі

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў у новым выпуску «Ток» дзеліцца назіраннямі, колькі беларусаў падтрымліваюць Лукашэнку і яго палітыку.

06.12.2023 / 10:21

Аляксандр Лукашэнка на саміце па клімаце Дубай 1 снежня 2023 года. Фота: AP Photo / Rafiq Maqbool

Сацыёлаг заўважае, што лічбы рэйтынгу даволі рухомыя і залежаць ад кантэксту. На іх трэба глядзець у дынаміцы. Калі прафесіяналы аналізуюць электаральныя працэсы непасрэдна перад кампаніяй, задаецца шэраг пытанняў. Сярод іх пра вядомасць пэўнага палітыка, давер да яго, верагоднасць аддаць свой голас за яго. Акрамя гэтага рэспандэнтам прапаноўваецца выбраць паміж парамі палітыкаў. Далей выбудоўваецца інтэгральны паказчык перспектыўнасці ці магчымасці чалавека выйграць на выбарах.

Сітуацыю, якая цяпер склалася ў Беларусі, Коршунаў характарызуе як вельмі спецыфічную. На погляд сацыёлага, у Лукашэнкі ёсць ядро прыхільнікаў. Гэта перш за ўсё (але не ўсе) дзяржслужачыя, сілавікі, добрая частка бюджэтнікаў. Калі гаварыць пра памеры падтрымкі, то тыя, хто будзе галасаваць за Лукашэнку пры любых умовах, па словах Коршунава, складаюць не больш за 20-25%. Гэта тыя людзі, якія будуць апраўдваць Лукашэнку ў любым выпадку.

Акрамя гэтага ёсць людзі, якія будуць падтрымліваць не столькі асобу, колькі палітыку Лукашэнкі. «Для іх вельмі важная сацыяльная дзяржава. Гэта яго апеляцыя да таго, што дзяржава ўсіх абараняе, дае дармовую школьную адукацыю, сістэму аховы здароўя і гэтак далей. Такіх людзей таксама не вельмі шмат. Я б казаў, што падтрымка вось такіх асобаў на ўзроўні 30-35%», — дзеліцца сваім меркаваннем сацыёлаг.

Генадзь Коршунаў лічыць, што Лукашэнка вынішчае не толькі сапернікаў, але і тых, хто патэнцыйна такім можа стаць. Скрын відэа: TOK_talk / YouTube

«Астатнія, хто будзе выказвацца (калі зараз запытаць), гэта сітуатыўныя. Гэта тыя, хто задаволены тым, што Беларусь не ўдзельнічае сваімі войскамі ў вайне з Расіяй. Гэта тыя, хто кажа: «Эканоміка не рухнула. Нешта ж робіцца». І ў пэўным сэнсе вось гэты адсотак будзе вельмі валацільным, бо вельмі шмат будзе залежыць ад альтэрнатывы.

Лукашэнка мэтанакіравана вынішчаў, вынішчае і будзе вынішчаць не толькі супернікаў, але і тых, хто патэнцыйна гэтым супернікам можа стаць. Каб у людзей у галовах не было варыянта параўноўваць. Бо, як я разумею, большая частка галасуе за Лукашэнку, бо «за каго яшчэ?» Па факце, гэта штучна зменшаная, вынішчаная магчымасць выбару. Яе няма.

2020 год паказаў, калі з'явілася магчымасць выбару, мы атрымалі апракідваючыя выбары».

Вядомая мантра «абы не было вайны», на погляд Коршунава, аказвае ўплыў у два бакі. «З аднаго боку Лукашэнка не ўвёў беларускія войскі ва Украіну. Тут мы выносім за дужкі тое, што Беларусь фактычна ўдзельнічае ў вайне. Гэты момант трэба будзе яшчэ давесці шырокай аўдыторыі ў Беларусі. Ракеты больш за год не ляцяць з тэрыторыі Беларусі, але сюды прыйшоў «Вагнер», ядзерная зброя.

І гэта пытанне вельмі неадназначнае для беларускага грамадства. І мы бачым, што прыхільнікі Лукашэнкі не вельмі добра ставяцца да гэтых момантаў. Плюс да ўсяго, трэба разумець, што ў 2022 годзе, калі ўсё адбылося і ўсе сказалі «Як такое можа быць?», грамадскія настроі абрынуліся. Усе чакалі апакаліпсісу — эканамічнага, вайсковага, таго, што будзе проста ядзерная зіма.

І гэта зараз адбіваецца на тым, што людзі выдыхнулі: апакаліпсіс адклаўся, і эканоміка не абвалілася, неяк жывем, нешта зарабляем. І праз гэта сумарна настрой трохі падвышаецца. Мы бачым, што і заробак павышаецца. І праз гэта добрая частка грамадства кажа: «Можна жыць».

Глядзіце цалкам:

Антось Жупран