Ці дапамагаюць хворым малітвы? Дактары ў Бразіліі праверылі
На працягу тысячагоддзяў вернікі па ўсім свеце — прадстаўнікі самых розных рэлігій і культур — звярталіся да Бога з малітвамі аб выздараўленні сваіх блізкіх і родных.
05.12.2023 / 16:50
Фота: Photo by Mario Tama / Getty Images
Навукоўцы (сярод якіх таксама нямала людзей глыбокай веры) неаднаразова рабілі спробы высветліць, наколькі эфектыўныя такога роду малітвы — зрэшты, без асаблівага поспеху, піша Бі-бі-сі.
І хоць некаторыя даследаванні паказваюць на магчымую слабую сувязь малітваў за здароўе (разам са звычайнай тэрапіяй) з паскораным акрыяннем пацыентаў, большасць навукоўцаў ставяцца да іх высноў вельмі скептычна, паказваючы на адсутнасць надзейных метадаў вымярэння эфектыўнасці падобнага «ўмяшання».
Чарговую спробу распачалі ў разгар пандэміі Covid-19, з верасня па снежань 2020 года, бразільскія медыкі з прыватнай бальніцы ў Сан-Паўлу.
Сотням пацыентаў, заражаных дагэтуль невядомым смяротным вірусам, малітвы, можа, і не дапамогуць, але ўжо сапраўды не перашкодзяць, вырашылі яны — і, заручыўшыся пісьмовай згодай хворых, правялі ўласнае клінічнае даследаванне.
У афіцыйнай дакументацыі ў якасці эксперыментальнай тэрапіі так і напісана: «малітва».
Эксперымент доўжыўся з верасня па снежань 2020 года. Выкарыстаны метад праверкі — так званае рандомнае падвойнае сляпое даследаванне з кантрольнай групай — лічыцца залатым стандартам доказнай медыцыны.
Улічваючы адсутнасць спецыфічных лекаў ад новай інфекцыі, медыкі ўсё роўна маглі прапанаваць кавідным хворым толькі сімптаматычнае лячэнне. А таму і асноўная мэта эксперыменту была гранічна простая: праверыць, ці паўплываюць малітвы аб больш хуткім выздараўленні пацыентаў на працэнт смяротных вынікаў сярод іх (гэта значыць на іх выжываемасць).
Для гэтага дзве сотні дарослых пацыентаў бальніцы з пацверджаным каранавірусным дыягназам выпадковым чынам падзялілі на дзве групы (папярэдне выключыўшы тых, каму па той ці іншай прычыне дапамагчы было ўжо нельга).
У якую з груп трапіў у выніку лёсавання той ці іншы канкрэтны хворы, не ведаў ні сам інфікаваны, ні дактары.
Абедзве групы пацыентаў атрымлівалі звычайную медыцынскую дапамогу «ў адпаведнасці з прынятым пратаколам лячэння каранавірусных пацыентаў».
Адзінае адрозненне заключалася ў тым, што па просьбе медыкаў аб выздараўленні кожнага з пацыентаў эксперыментальнай групы на працягу ўсяго лячэння рэгулярна, тройчы ў дзень (агулам па чатыры гадзіны штодня) маліліся лідары мясцовай хрысціянскай парафіі.
«Багаслоўскія веды кожнага канкрэтнага чалавека, які моліцца, немагчыма ацаніць аб'ектыўна, — прызнаюць аўтары даследавання, — аднак іх добраахвотны ўдзел [у эксперыменце] і шчырая вера ў эфектыўнасць малітвы былі важнымі крытэрыямі пры іх адборы».
Маліцца можна было ў свабоднай форме, аднак агульныя рэкамендацыі медыкаў былі вельмі канкрэтныя: прасіць трэба было аб захаванні жыцця пацыента, а таксама аб адмове ад штучнай вентыляцыі лёгкіх і скарачэнні знаходжання хворага ў рэанімацыі (і ў бальніцы ў цэлым).
Вынікі клінічных даследаванняў у абедзвюх групах аказаліся практычна ідэнтычнымі. Ва ўсякім выпадку на долю смяротных зыходаў малітвы за здароўе не паўплывалі зусім: колькасць загінулых ад кавіду ў абодвух выпадках аказалася адным і тым жа (па восем чалавек).
Тады даследчыкі пачалі параўноўваць іншыя паказчыкі: неабходнасць і працягласць падключэння хворага да апарата ШВЛ, перавод у палату інтэнсіўнай тэрапіі і працягласць знаходжання ў рэанімацыі, а таксама агульную працягласць шпіталізацыі.
Па кожным з гэтых параметраў разыходжанне паміж двума групамі аказалася настолькі нікчэмным, што ні разу не перавысіла статыстычнай хібнасці.
А такім чынам, заключаюць аўтары даследавання, малітвы аб выздараўленні кавідных хворых — хай і ў рамках адносна невялікі выбаркі — «не аказалі якога-небудзь істотнага ўплыву» ні на агульны вынік лячэння пацыентаў, ні на яго хуткасць.