У Варшаве здаюць кватэру плошчай усяго 9 м². Вось як гэта выглядае 

На польскім сайце otodom з'явілася аб'ява пра здачу ў арэнду мікракватэры, якую ў сацсетках параўноўваюць з адзіночнай камерай у скандынаўскай турме. 

06.12.2023 / 21:49

Фота: скрыншот з сайта otodom.pl

Памяшканне знаходзіцца на другім паверсе трохпавярховай камяніцы 1938 года пабудовы ў мікрараёне Таргувэк, што ў правабярэжнай частцы Варшавы. У апісанні пазначана, што да цэнтра 20 хвілін на аўтобусе, побач знаходзіцца станцыя метро.

На 9 «квадратах» у кватэры-пакоі змясціліся аднаспальны ложак, стол, маленькая лядоўня, унітаз, умывальнік і душавая кабіна.

Фота: скрыншот з сайта otodom.pl

Месца для прыгатавання ежы, як і для захоўвання адзення, у кватэры не прадугледжана. Пральная машына ўсталяваная на паверсе па-за межамі кватэры.

Аўтар аб'явы апісвае аб'ект як жытло для аднаго не вельмі патрабавальнага чалавека. 

Фота: скрыншот з сайта otodom.pl

Што па цане?

За месяц арэнды ўласнік просіць 1100 злотых (каля 275 даляраў). Яшчэ 500 злотых (каля $125) пацягнуць выдаткі на адміністрацыйныя і камунальныя плацяжы. Такім чынам атрымліваецца, што месяц жыцця ў мікракватэры абыдзецца прыблізна ў 400 даляраў.

Апроч гэтага, патэнцыйнаму арандатару трэба будзе пакінуць у гаспадара 2000 злотых ($500) у якасці закладу.

У пабліках каментатары жартуюць, што ў памяшканні не хапае толькі другога ложка для сукамерніка. Іншыя называюць кватэру карцарам класа люкс.

Чытайце таксама: 

Мінскім арандадаўцам і не снілася. Колькі беларусы плацяць за здымныя кватэры ў Польшчы і Літве

Ад 1000 даляраў за «квадрат». Колькі каштуюць кватэры ў новых ЖК Мінска

Вільня ці Варшава? Беларусы пра плюсы і мінусы жыцця ў гэтых сталіцах

Nashaniva.com