Лёгкаатлетаў з Беларусі і Расіі на Алімпіядзе не будзе — прэзідэнт World Athletics

Расійскія і беларускія спартсмены не прымуць удзелу ў спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы на летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе. Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі кіраўнік Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый (World Athletics) Себасцьян Коэ.

08.12.2023 / 22:57

Скакуха з шастом Ірына Жук

За некалькі гадзін да таго Міжнародны алімпійскі камітэт паведаміў, што дапусціць расійскіх і беларускіх спартсменаў, якія паспяхова прайшлі адбор, да Алімпійскіх гульняў у Парыжы ў нейтральным статусе ў якасці індывідуальных спартсменаў. Але на пазіцыю міжнароднай лёгкаатлетычнай федэрацыі гэта не паўплывала.

«Расійскія і беларускія лёгкаатлеты не будуць удзельнічаць на Алімпіядзе ў Парыжы. Наша пазіцыя застаецца нязменнай. Я нічога не магу дадаць. Яна была ўхваленая Выканаўчай радай. Лёгкаатлетычная сям'я згодная з ёй», — сказаў Себасцьян Коэ.

Варта адзначыць, што сярод тых беларускіх спартсменаў, якія раней выканалі кваліфікацыйныя нарматывы і патэнцыйна маглі б паехаць на Алімпіяду, трое акурат прадстаўнікі лёгкай атлетыкі: скакуха з шастом Ірына Жук, бягуха-бар'ерыстка Эльвіра Грабарэнка і скакуха ў вышыню Карына Дзямідзік.

Алімпіяда ў Парыжы мае прайсці з 26 ліпеня па 11 жніўня 2024 года.

Чытайце таксама:

«Мы можам паставіць гэтую ўмову». Латушка расказаў, на што можна абмяняць вызваленне палітвязняў

Брытанцы падтрымалі допуск беларускіх і расійскіх атлетаў на Гульні-2024 ў нейтральным статусе

ІІХФ уключыла хакейныя зборныя Беларусі і Расіі ў раскладку Алімпіяды-2026. Пры адной вядомай умове

Nashaniva.com