Аграгарадок, завод, пастаўка тэхнікі. Пра што дамовіліся Лукашэнка і Мбасога
Беларусь і Экватарыяльная Гвінея падпісалі дарожную мапу да 2026 года і дамовіліся пра 74 праекты. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што бачыць тут рэгіянальны хаб па прасоўванні беларускай прадукцыі на рынкі краін Цэнтральнай і Заходняй Афрыкі.
10.12.2023 / 10:59
«74 канкрэтных праекты, якія мы павінны рэалізаваць у бліжэйшыя 2-3 гады. Заўтра пачынаем капаць зямлю ў Гвінеі і вырашаць праблемы», — заявіў Лукашэнка.
Як піша БЕЛТА, дарожная мапа паміж Беларуссю і Экватарыяльнай Гвінеяй разлічана да 2026 года.
У ліку праектаў:
- будаўніцтва аграгарадка з інфраструктурай;
- узвядзенне ста сацыяльных жылых дамоў;
- стварэнне завода па вытворчасці керамічнай цэглы магутнасцю да 40 млн штук у год;
- пастаўка пажарных машын, будаўнічай і іншай тэхнікі, у тым ліку для рэалізацыі сумеснага праекта па лесанарыхтоўцы і стварэнні новых сельгасугоддзяў;
- правядзенне работ па электрыфікацыі аддаленых раёнаў.
«Я ўжо не кажу аб ахове здароўя, адукацыі і гэтак далей», — дадаў Лукашэнка.
Ёсць дамоўленасці па вырошчванні асобных відаў сельгаскультур, адкрыцці аграхімічных лабараторый і іншыя.
«Хацеў бы асабліва адзначыць, што дасягнуты пагадненні аб рэалізацыі першага этапу стварэння рэгіянальнага хаба па прасоўванні беларускай прадукцыі на рынкі краін Цэнтральнай і Заходняй Афрыкі», — заявіў Лукашэнка.
Беларускі бок таксама прадаставіў гранты гвінейскім студэнтам для навучання ў медыцынскіх ВНУ на тэрыторыі Беларусі. Акрамя таго, Міністэрствы аховы здароўя дамовіліся аб арганізацыі перападрыхтоўкі ў Беларусі дактароў з Экватарыяльнай Гвінеі.
Паводле БЕЛТА, у хуткім часе ў Экватарыяльнай Гвінеі запрацуе пасольства Беларусі. Чакаецца, што да канца 2024 года пасольства Экватарыяльнай Гвінеі адкрыецца і ў Беларусі.
Учора Аляксандр Лукашэнка прыляцеў у Афрыку і правёў перамовы ў пашыраным складзе з кіраўніком Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Абіангам Нгемай Мбасога, які кіруе краінай 44 гады.
Чытайце таксама:
Сярод тых, хто сустракаў Лукашэнку ў Экватарыяльнай Гвінеі, быў і Віктар Шэйман
Лукашэнка прыляцеў у Экватарыяльную Гвінею
У Экватарыяльную Гвінею адправілася маштабная афіцыйная дэлегацыя