Японскі гулец падпісаў рэкордны кантракт у гісторыі спорту. Ён большы за кантракты Месі ці Мбапэ
Гэта не футбол, не баскетбол і нават не амерыканскі футбол.
11.12.2023 / 08:27
Фота: mlb.com
Японскі легіянер-бейсбаліст Сёхей Ахтані пераходзіць з «Лос-Анджэлес Энджэлс» у «Лос-Анджэлес Доджэрс». Ён заключыў рэкордны 10-гадовы кантракт на 700 мільёнаў даляраў, паведамляе сайт лігі.
«Усім прыхільнікам Доджэрс я абяцаю заўсёды рабіць тое, што лепш для каманды, і заўсёды працягваць выкладвацца цалкам, каб быць лепшай версіяй сябе», — напісаў Ахтані ў суботу ў Instagram.
«Да апошняга дня сваёй гульнявой кар'еры я хачу працягваць імкнуцца наперад не толькі для «Доджэрс», але і для ўсяго бейсбольнага свету», — дадаў ён.
«Гэта ўнікальны, гістарычны кантракт для ўнікальнага, гістарычнага гульца», — гаворыцца ў заяве ягонага агента Нэза Балела.
Кантракт Ахтані з'яўляецца найбуйнейшым у сусветнай спартыўнай гісторыі, перасягнуўшы кантракт Ліянэля Месі з «Барселонай» на 674 мільёны даляраў у сезоне 2017/21. А таксама перавышае кантракт прыкладна на 679 мільёнаў даляраў, якія зарабіў бы Кіліян Мбапэ, калі б вырашыў застацца ў ПСЖ да 2025 года, але, відаць, пяройдзе ў «Рэал».
Што да паўночнаамерыканскіх камандных відаў спорту, то кантракт пераўзыходзіць 10-гадовае падаўжэнне кантракта гульца ў амерыканскі футбол Патрыка Махомеса, які перайшоў улетку 2020 года ў «Канзас-Сіці Чыфс» за 477 мільёнаў даляраў.
У бейсболе кантракт Сёхея Ахтані пераўзыходзіць цяпер ужо кантракт былога таварыша па камандзе Майка Траута, які пагадзіўся на 12-гадовае падаўжэнне кантракта з «Энджелз» на 426,5 мільёна даляраў у 2019 годзе.
Чытайце таксама:
Матч чэмпіянату Іспаніі спынілі з-за смерці заўзятара на трыбунах
Нідэрландскі «Аякс» згуляў у форме з трыма кропкамі замест прозвішчаў. Што гэта азначае?