Уначы Расія нанесла ракетны ўдар па Кіеве. 53 пацярпелыя

У чатырох раёнах Кіева зафіксавалі каля дзесяці выпадкаў падзення абломкаў ракет.

13.12.2023 / 07:48

Мяркуецца. што Расія выпусціла па Кіеве чатыры балістычныя ракеты, магчыма, «Іскандэры».

У трох месцах узніклі пажары, пашкоджаны некалькі шматкватэрных і прыватных жылых дамоў, а ў адным месцы вада з прабітай абломкам ракеты вадаправоднай трубы затапіла вуліцу.

Ваенная адміністрацыя паведаміла ў сваім тэлеграм-канале, што ў чатырох раёнах Кіева зафіксавана каля дзесяці выпадкаў падзення абломкаў ракет.

Ад падзення абломкаў збітых расійскіх ракет пацярпелі 53 чалавекі, у тым ліку шасцёра дзяцей. І колькасць пацярпелых працягвае расці, піша Бі-бі-сі.

Паветраныя сілы Украіны заявілі, што ноччу тэрыторыі краіны была атакаваная 10 ударнымі дронамі тыпу «Шахед» і 10 балістычнымі ракетамі.

Усе цэлі, як сцвярджаецца, былі збітыя. Тып ракет пакуль не паведамляецца.

Nashaniva.com