Цэнтр керамікі, знак на Замчышчы, новыя скульптуры… Якія змены плануюць у цэнтры Мінска ў наступным годзе?
13 снежня на нарадзе ў Мінгарвыканкаме, прысвечанай развіццю гістарычнага цэнтра і турыстычнага патэнцыялу горада, дырэктар КУП «Мінская спадчына» Аляксандр Кохан расказаў, якія змены мінчукі змогуць пабачыць у цэнтры сталіцы ўжо неўзабаве.
13.12.2023 / 22:05
Фота: Aliaksandr Antanovich / vecteezy.com
«На вул. Ракаўскай у лютым адкрыецца цэнтр керамікі. Цяпер выконваюцца рамонтныя работы на 2-м і 3-м паверхах. Там будуць праводзіцца майстар-класы для ўсіх ахвотных. Таксама гараджане і госці сталіцы змогуць набыць ужо гатовыя вырабы», — цытуюць Аляксандра Кохана «Мінск-Навіны».
Таксама, паводле словаў чыноўніка, ідзе праца па стварэнні памятнага знака «Макет «Мінскае замчышча». Гэтую скульптурную кампазіцыю збіраюцца размясціць па адрасе пр.Пераможцаў, 2. Заяўкі на эскізныя праекты прымаюцца да 15 снежня, а работы для падвядзення вынікаў павінны быць прадстаўленыя да 15 лютага.
Акрамя таго, у 2023 годзе «Мінская спадчына» заключыла пагадненне з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў. Яго вынікам ужо стала размяшчэнне мазаічнага пано на вул. Старавіленскай, 2, а з мая па верасень 2024 года плануецца правесці пленэр скульптараў на тэрыторыі гістарычнага цэнтра. Створаныя на ім работы пасля будуць размяшчацца ва ўсіх раёнах горада.
Акрамя таго, прапрацоўваюцца пытанні размяшчэння ў цэнтральнай частцы Мінска
«мініяцюрных аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны краіны, пашырэння плошчы ілюмінацыі, стварэння фальклорнага цэнтра, арганізацыі лазерных прадстаўленняў на фасадах знакавых будынкаў і павелічэння колькасці інфармацыйных паказальнікаў».
У сваю чаргу, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў лічыць, што «трэба звярнуць увагу і на Ракаўскае прадмесце. Там не перашкодзіла б размясціць шэраг скульптурных і іншых аб'ектаў, звязаных з фальклорам».