«Мы тая кампанія, што нават з турмы зробіць цырк». Лідар гурта «Дети хрущёвок» расказаў пра пераслед за сваю творчасць
У красавіку гэтага года тры песні і сацсеткі гомельскага гурта «Дети хрущёвок» былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Праз месяц за «распаўсюд» уласных песен былі арыштаваныя пяць музыкаў. Лідар і вакаліст гурта Ян Дворак расказаў «Вясне» пра тое, як іх творчасць прыраўнавалі да «экстрэмізму», затрыманне, «суткі» ў гомельскім ізалятары і сувязь з Tor Band.
15.12.2023 / 18:44
«Дети хрущёвок»
«Праз год, калі мы знайшлі сябе, пачаліся падзеі 2020 года»
Гурт «Дети хрущёвок» узнік у 2019 годзе на Гомельшчыне, распавядае Ян:
«Першапачаткова гэта было хутчэй нават не хобі, а нестандартнае захапленне ў вольны час. Асабіста я музыкай даўно займаўся, а хлопцы вырашылі для сябе пайграць. То-бок у планах не было выбівацца на вялікую сцэну. Праз год, калі мы ўжо больш-менш сыграліся, знайшлі сябе, пачаліся падзеі 2020 года… Відавочна, мы пачалі на іх звяртаць сваю ўвагу. А пазней мы сталі на Гомельшчыне крыху вядомымі».
Сам Ян нарадзіўся ў Светлагорску, з юнацтва граў у розных музычных гуртах. Любоў да музыкі хлопцу перадалася ад бацькі. Калі Ян паступіў ва ўніверсітэт у Гомелі, то пазнаёміўся з мясцовымі музыкамі. Хлопец дзеліцца, што яму вельмі падабалася тое, чым ён займаўся, але планы ў занятках музыкай у Беларусі змяніла рашэнне суда Цэнтральнага раёна Гомеля вясной 2023 года.
Ян Дворак. Фота прадастаўлена героем
11 красавіка тры песні гурта «Дети хрущёвок» — «2020»; «Таракан (Демо)»; «Папицот» — былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Такое рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёна Гомеля. Акрамя песен, «экстрэмісцкімі» прызналі суполку «ВКонтакте», Youtube-канал, старонка ў Instagram «Дети Хрущевок». Таксама ў спіс патрапіла і асабістая старонка Яна «ВКонтакте» — «Юзеф Пілсудський».
Аўтарам гэтых «экстрэмісцкіх» песень з'яўляецца Ян. Ён расказаў гісторыю іх напісання:
«Таракана» я напісаў, калі яшчэ з хлопцамі не граў. Тады я запісаў акустычную дэма-версію, якую па выніку цяпер і прызналі «экстрэмісцкай». Самае цікавае, што асноўную версію гэткай не прызналі [смяецца].
Першапачаткова песня «2020» была нават ні пра ніякія палітычныя справы — гэта было такое неардынарнае віншаванне з Новым годам нашых слухачоў. Там і пра каранавірус, і пра пратэсты і пра ўсё на свеце, што было ў 2020 годзе. На мінулы Новы год мы таксама запісвалі віншавальную песеньку. Проста 2020 год быў вельмі насычаным. Што тычыцца песні «Папицот», то яна таксама не была першапачаткова палітычнай. Там з палітычнага толькі прыпеў і назва».
«Я не шарю в политике и в неё не лезу,
Не ношу косухи, не люблю ирокезы
Я обычный мужик, работяга с завода,
я пашу на зарплату — дайте же хлеба и водки.
И будет папиццот!» — спяваюць «Дети хрущёвок».
«Адвакат сказаў, што супраць нас сто адсоткаў завядуць справу»
Пра тое, што тры песні і сацсеткі гурта прызнаныя «экстрэмісцкімі», хлопцы дазналіся выпадкова — знаёмы скінуў Яну пост у Instagram гомельскага актывіста Іллі Міронава, дзе ён напісаў пра гэта. На суд удзельнікаў гурта не выклікалі, і пра вынікі не паведамлялі.
«Я адразу не паверыў у гэта — чаму гэта раптоўна нас прызналі «экстрэмістамі»?! Мы не настолькі папулярныя, каб нам надаваць столькі ўвагі. Я зайшоў на гэты сайт — сапраўды! І нават маю асабістую старонку «ВК» прызналі.
Мы з хлопцамі сабраліся ў той жа вечар, каб абмеркаваць усе гэтыя справы. Было шмат думак, нават да таго, каб усім адразу садзіцца на нейкі мікрааўтобус і з'язджаць з краіны. Але хлопцы сказалі крыху пачакаць, каб паглядзець, як сітуацыя будзе разгортвацца.
На мяне неяк не паўплывалі гэтыя супакаенні, таму мы паехалі да адваката. Першы адвакат нам адмовіў, бо «экстрэмізм» і палітычная справа. Мы распавялі яму нашу сітуацыю і папрасілі распавесці, што нам пагражае. Але другі адвакат нам дапамог нават бясплатна. Гэта было нават ананімна. Ён расклаў усё па палічках, якія працэсы могуць пачацца і якую ўвагу мы можам прыцягнуць да сябе.
Адвакат сказаў, што супраць нас сто адсоткаў завядуць справу, толькі пытанне ў артыкуле. Але і тут хлопцы сказалі, што не гатовыя пакуль зрывацца. Я ж прытрымліваўся таго, што трэба з'язджаць з краіны…»
«Раніцай пачулі, як да нас у кватэру настойліва грукаюцца ў дзверы»
У гэты час хлопцы выдалілі свае «экстрэмісцкія» песні з розных пляцовак у інтэрнэце. Аднак гэта не ўратавала музыкаў ад затрымання.
«Раніцай 2 траўня мы з дзяўчынай пачулі, як да нас у кватэру настойліва грукаюцца ў дзверы. Мы нават трошкі напужаліся. Але я адразу зразумеў, што адбываецца…
Я ціха падыйшоў да вочка ў дзвярах і ўбачыў там трох мужчын у цывільным. Мы вырашылі не адчыняць ім дзверы. Падумалі, што яны сыйдуць, а мы ў гэты час хутка збяжым ці прыдумаем штосьці іншае.
У агульны чат гурта я напісаў пра тое, што адбываецца, і папярэдзіў іх, каб яны былі асцярожнымі. Але ўжо ў той момант усіх хлопцаў, акрамя Віталя Саламажэцкага, затрымалі. Некаторых нават затрымліваў АМАП са шчытамі і дубінкамі — цэлая спецаперацыя была».
Тое, што Ян пісаў у чаце гурта, чыталі міліцыянты:
«Яны ведалі, што я дома. Таму міліцыянты пачалі ціснуць псіхалагічна, каб я адчыніў дзверы: крычалі праз дзверы, што зараз будуць маю маці выклікаюць, ламаць дзверы і г. д. Але пакуль гэта адбывалася за маімі дзвярыма, я паспеў выдаліць усе непатрэбныя файлы з кампутара, адкаціць тэлефон да заводскіх наладаў, схаваў і выкінуў усё, што было з сімволікай.
Праз некаторы час мы адчынілі ўсё ж такі ім дзверы. Калі яны зайшлі, то міліцыянт запатрабаваў выдаць усю тэхніку і сімволіку. Потым ён сказаў: «Калі б ты адчыніў раней, то ўжо быў бы дома». Гэта быў намёк на тое, што зараз з'езджу з імі і яны мяне адпусцяць. Я паверыў на слова».
«Не лезь в политику, ты там ничего не изменишь!»
У выніку Яна і дзяўчыну даставілі ў РАУС Савецкага раёна Гомеля.
«Гэта было ўжо а 20-й гадзіне вечара. Усе хадзілі злыя і стомленыя. Са мной размаўлялі і складалі пратакол каля дзвюх гадзін. У хуткім часе адпусцілі маю дзяўчыну. Я за гэта больш за ўсё хваляваўся, бо яна была ні пры справах наогул. Міліцыянт палазіў у яе тэлефоне і правёў з ёй гутарку, сказаўшы ў тым ліку: «Не лезь в политику, ты там ничего не изменишь!»
Калі міліцыянт складаў пратакол, то самым цікавым было тое, як ён пры мне слухаў нашы песні і глядзеў відэа са мной. Ён усё да канца даслухваў — падабалася ці што».
«Дети хрущёвок»
На пяцярых хлопцаў склалі пратаколы паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Яну хацелі яшчэ паставіць у віну арт. 19.10 КаАП (публічнае дэманстраванне нацысцкай сімволікі).
«У мяне на ноўтбуку быў наклеены стыкер — сябры пажартавалі і прыфаташопілі мне нацысцкую форму. Гэта проста прыкол быў».
Таксама міліцыянт даў Яну Крымінальны кодэкс і сказаў адкрыць артыкулы 368 КК (абраза Лукашэнкі) і 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Ён сказаў, што калі знойдуцца доказы, то супраць хлопца будзе заведзена крымінальная справа.
На суткі да суда ўсіх удзельнікаў гурта змясцілі ў ізалятары.
«Калі мяне павялі, то міліцыянт сказаў, што не будзе чапляць кайданкі, калі я нічога не выкіну. І тут пасля асабістага дагляду мяне заводзяць у камеру, дзе сядзяць мае хлопцы, і я ім кажу: «Ну, добры вечар!» Мы змаглі абмеркаваць, як каго затрымлівалі, ці білі каго — дзякуй богу, абышлося без гэтага».
«Калі б тады не прызнаў віны, было б яшчэ горш»
3 траўня музыкаў павезлі на «Газелі» на суды пад канвоем.
«Калі нас выводзілі з машыны ў суд, то звычайныя мінакі здымалі нас на тэлефоны. Тады канваіры пачалі пагражаць ім, каб яны выдалілі відэа, «калі не хочуць пайсці па такім жа артыкуле, як і мы».
На суд першым вырашыў пайсці Ян, як аўтар песень. Ягоную справу разглядаў суддзя суда Савецкага раёна Андрэй Лагуновіч.
Вытрымка з пастановы суда
«Я адразу прызнаў віну і сказаў, што «был молод и глуп». Я перакананы, што калі б тады не прызнаў віны, было б яшчэ горш. Я зразумеў, што лепей рабіць тое, што хочуць гэтыя структуры, тады яны бачаць, што ты нібыта выправіўся. Я выбачыўся, але тады злавіў сябе на думцы, што «пакаяннае відэа» я б ужо не стаў запісваць, бо ўпаў бы ў сваіх вачах».
У выніку лідару гурта прызначылі 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Астатніх музыкаў арыштавалі на пяць і сем сутак.
«Па нашым артыкуле нам не прадугледжаны матрацы, а толькі два жалезныя ложкі і голыя сцены»
Пасля суда хлопцаў завезлі адбываць «суткі» ў гомельскі ізалятар часовага ўтрымання на вуліцы Міжгародняй.
«Калі нас толькі прывезлі, то пры афармленні проста сказалі, што па нашым артыкуле нам не прадугледжаныя ні матрацы, ні падушкі, ні пасцельная бялізна, а толькі два жалезныя ложкі і голыя сцены.
У двухмясцовай камеры нас трымалі ад чатырох да сямі чалавек. Дазвалялі адну перадачу падчас усяго арышту. На дзень — з 6 да 22 — забіралі курткі, а ў траўні яшчэ было халодна. Было трохразовае, так бы мовіць, харчаванне. Пасля кожнага прыёму ежы — «шмон» (ператрус у камеры). Спалі як прыйдзецца: хто на ложку, хто пад ложкам, хто на падлозе, хто ў абдымку.
Па начах нас будзілі. Адразу я думаў, што нас падымаюць, каб праверыць, ці ўсе на месцы, а потым мне хлопцы растлумачылі, што гэта робяць для таго, каб мы не спалі.
З хлопцамі нас змяшчалі ў адну камеру. Праўда, часам мяшалі паміж сабой, але агулам мы адзін аднаго заўсёды бачылі. І нам пашанцавала, бо мы прыдумлялі розныя забавы. Мы тая кампанія, хто нават з турмы зробіць цырк. І толькі трое сутак я сядзеў без сваіх хлопцаў».
«Пачаў пераходзіць на пагрозы, накшталт таго, што я магу ніколі з ізалятара не выйсці»
Ян адзначае, што стаўленне з боку супрацоўнікаў ІЧУ мянялася ў залежнасці змены. Ён згадвае, што супрацоўнікі стараліся хаваць твары.
«Была дзяўчына сярод супрацоўнікаў, якая нібыта пасля вучобы прыйшла. Дык яна да нас боязна і паважліва ставілася — і лекі прыносіла, і выконвала нашы просьбы. Хутчэй была як афіцыянтка, а не як наглядчыца. Але былі і тыя, хто мог і па нагах пабіць пры аглядах, і пракрычыць на нас».
Ян Дворак. Фота прадастаўлена героем
Да хлопцаў з гурта ў ІЧУ на размову прыязджаў супрацоўнік нейкага ведамства — Ян мяркуе, што гэта быў супрацоўнік КДБ. Яго цікавалі, ці хадзілі яны на акцыі пратэсту і іншая палітычная актыўнасць.
«Пры размове ён адразу стараўся быць нейкім сябрам: па тыпу ты мне ўсё распавядзі, а я табе дапамагу. Але ён мне не спадабаўся, таму з ім я размаўляў неахвотна. Калі ён зразумеў, што я не хачу з ім весці дыялог, то пачаў пераходзіць на пагрозы, накшталт таго, што я магу ніколі з ізалятара не выйсці».
«Прысутнічаў страх, што і мы можам пайсці ўслед за Tor Band»
Гэта не адзіны выпадак пераследу музыкаў з Гомельшчыны. Напэўна, самай гучнай справай наогул у Беларусі з'яўляецца справа гомельскага гурта Tor Band. У Гомельскім абласным судзе 31 кастрычніка 2023 года лідару і вакалісту Дзмітрыю Галавачу прызначылі дзевяць гадоў зняволенныя, бубначу Яўгену Бурло — восем гадоў калоніі, а бас-гітарысту Андрэю Ярэмчыку — сем з паловай гадоў калоніі.
Ян Дворак. Фота прадастаўлена героем
Па іроніі лёсу адзін з удзельнікаў гурта «Дети хрущёвок» з'яўляецца сваяком бас-гітарыста Tor Band.
«Так атрымлівалася, што мы пару разоў на іх інструментах гралі. Завочна мы знаёмыя гуртамі. Мы ведалі іх гісторыю, іх затрымалі за паўгода да нас, таму ў нас прысутнічаў страх, што і мы можам пайсці ўслед за Tor Band… Песні ў нас вельмі падобныя, толькі яны былі нашмат больш вядомыя. Думаю, ролю сыграла гэтая папулярнасць».
Праз два дні пасля адбыцця «сутак» Ян пакінуў Беларусь. У хуткім часе ён дазнаўся, што супраць яго завялі дзве крымінальныя справы — за «абразу Лукашэнкі» і «ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
Чытайце таксама:
Што трэба ведаць пра гурт Tor Band — музыкаў, якіх пакаралі жахлівымі тэрмінамі за іх хіты