Грошы беларускаму шахматысту, які выступіў супраць гвалту, на паездку на чэмпіянат свету ў Самарканд сабралі за суткі
З-за сваёй грамадзянскай пазіцыі Уладзіслаў Кавалёў не мае падтрымкі Беларускай федэрацыі шахмат, таму на чэмпіянат свету па рапідзе і бліцы, што пройдзе ва Узбекістане з 25 па 30 снежня, будзе заяўлены ад Міжнароднай федэрацыі шахмат. Усе выдаткі для падрыхтоўкі і ўдзелу ў ЧС Уладзіслаў вымушаны пакрываць самастойна.
16.12.2023 / 09:10
Учора была абвешчана сума збору — 1600 даляраў (1470 еўра). Гэтая сума пакрывала б выдаткі на падрыхтоўку, размяшчэнне і арганізацыйныя пытанні ў часе ўдзелу ў чэмпіянаце свету.
Уладзіслаў Кавалёў — падпісант адкрытага ліста беларускіх спартоўцаў супраць гвалту, а таксама падпісант міжнароднай антываеннай дэкларацыі спартоўцаў.
Па стане на раніцу суботы сабрана 1500 еўра, зроблена 38 ахвяраванняў. Але збор працягваецца.