З гэтага году замежнікаў прымаюць у беларускае грамадзянства «ва ўрачыстай абстаноўцы». Паглядзелі, як гэта адбываецца
Сёлета ў Беларусі ўпершыню з’явілася новая норма: замежнікі прымаюць беларускае грамадзянства «ва ўрачыстай абстаноўцы». Паміж іншага, ад новага грамадзяніна краіна патрабуюць «прадэманстраваць вернасць» — а менавіта прыняць прысягу. Улады тлумачылі гэта вельмі проста: маўляў, калі такія цырымонія ёсць у іншых краінах, дык і нам патрэбна. Паглядзелі, як гэта ўсё адбываецца.
19.12.2023 / 09:55
Скрыншот відэа ў тыктоку MyBorisov
У тэорыі працэс прыняцця грамадзянства павінен адбывацца ў знакавых для нашага народа месцах у прысутнасці прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, органаў унутраных спраў. Звычайна цырымонія праходзіць у выканкаме ці ЗАГСе.
У тыктоку можна знайсці відэа з цырымоній. Даволі часта яны нагадваюць тыповае вяселле — тым больш, што час ад часу мерапрыемствы сапраўды праводзяць у святочнай залі ЗАГСу. Розніцца ў тым, што на месцы дамы з начосам стаіць сілавік у форме. А замест гісторый пра два караблі ў акіяне кахання гучаць іншыя, не менш пафасныя словы пра тое, як Беларусь заўжды дапамагае людзям з іншых краін і гатовая іх прыняць.
Прамовіць клятву дазваляецца на адной з дзвюх дзяржаўных моў — але на ўсіх відэа, якія ёсць у адкрытым доступе, людзі гавораць на рускай:
«Я, добраахвотна і свядома набываючы грамадзянства Рэспублікі Беларусь, урачыста прысягаю: выконваць і паважаць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і іншыя акты заканадаўства; абараняць незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Рэспублікі Беларусь, быць патрыётам Рэспублікі Беларусь, паважаць яе дзяржаўныя сімвалы, духоўныя, гістарычныя, культурныя і нацыянальныя традыцыі, захоўваць гістарычную памяць аб гераічным мінулым беларускага народа, паважаць годнасць, правы, свабоды і законныя інтарэсы іншых асоб».
Факт таго, што прысяга прынесена, павінны пацвердзіць прадстаўнікі МУС і органа дыпламатычнай службы з адпаведным бланкам, завераным пячаткай з гербам.
Пасля гэтага чыноўнікі любяць даць дадаць нешта кшталту «Я вельмі рады, што вы выбралі сваёй радзімай нашу Рэспубліка Беларусь» ці «Зараз і вашыя імёны будуць упісаныя на старонкі гісторыі Беларусі».
Шмат хто з тых, хто атрымаў беларускае грамадзянства, кажа, што ўжо даўно жыве ў краіне — гаворка ідзе нават пра 20-30 гадоў. А на пытанне, чаму вырашылі атрымаць беларускі пашпарт, людзі проста кажуць: «Ну як гэта так — жыву ў Беларусі, а не грамадзянін». Пра тое, што больш за ўсё падабаецца ў краіне, шчыра адказваюць: «Бульба, яблыкі».
Віталь Астанковіч, намеснік кіраўніка ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС Магілёўскага аблвыканкама, у эфіры тэлеканала «Беларусь 4», адзначыў: «Нават калі прынята рашэнне пра тое, што замежнік стаў беларусам, без прыняцця прысягі ён не становіцца грамадзянінам. Адмова прынесці прысягу становіцца падставай для таго, каб гэта рашэнне ануляваць, ён ужо не стане грамадзянінам».
Чытайце таксама:
У МУС адказалі, ці будуць пазбаўляць грамадзянства беларусаў, у якіх ёсць дакументы іншых дзяржаў
Польскі праязны дакумент пацвярджае асобу іншаземца — МУС Польшчы
«Стамілася быць Вольхай, калі я Ольга». Чаму і як беларусы змяняюць свае імёны за мяжой