Дзе працуюць і як выглядаюць жонкі топ-чыноўнікаў? Першая частка
Беларускія чыноўнікі і самі па сабе палахлівыя і непублічныя. А з улікам таго, што іх начальнік ніколі не з'яўляецца на публіцы са сваёй жонкай, то і бюракраты сваіх абранніц хаваюць, у афіцыйным кадры іх поўныя сем'і не ўбачыш. З дапамогай базаў «Белпола» «Наша Ніва» паказвае, як выглядаюць абранніцы тых, хто вызначае жыццё краіны.
21.12.2023 / 19:20
Ірына Паршута (Галоўчанка)
Ірына Паршута, маладая жонка прэм'ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі, станам на 2021 год працавала ў дачцэ аўстрыйскай тэлекамунікацыйнай кампаніі Kapsch TrafficCom, якая прапануе ІТ-рашэнні для перавозак.
Алена Сергеенка
Жонка кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі, галоўнага па кадрах у Лукашэнкі — Ігара Сергеенкі.
З 2014 года Алена Віленаўна на пенсіі, а да таго працавала рэнтгенлабарантам у анкалагічным дыспансеры.
Кацярына Андрэйчанка
Жонка доўгажыхара лукашэнкаўскай сістэмы, старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі таксама пенсіянерка. А раней працавала ў Віцебскім аблвыканкаме пад кіраўніцтвам мужа. Ён пераехаў у Мінск у 2008-м, а Кацярына працавала ў абласным цэнтры яшчэ да 2012 года.
Антаніна Кубракова
Жонка цяперашняга кіраўніка лукашэнкаўскага міністэрства ўнутраных спраў Івана Кубракова дагэтуль фармальна ягоная падначаленая. У запісе аб працы пазначана, што яна — памочніца доктара-эпідэміёлага ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі Дэпартамента фінансаў і тылу МУС.
Святлана Церцель
А гэта жонка старшыні КДБ Івана Церцеля. Святлана працуе ў арганізацыі, якая аказвае мытныя паслугі — «Знешеўрасэрвіс». Да таго працавала ў «Белмытсэрвісе».
Забаўна, што ў 2021-м у той самы «Знешеўрасэрвіс» з маскі-шоу і вобшукамі прыйшлі прадстаўнікі канкуруючай арганізацыі — ДФР. Ці пацярпела сама Святлана падчас аблаваў у офісах, невядома.
Таццяна Караева
Жонка сумнавядомага экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, які цяпер працуе памочнікам Лукашэнкі па Гродзеншчыне.
У чым яна спецыялістка, дакладна зразумець з выпісак немагчыма. Існуе запіс, што да 2013 яна працавала ў дзяржаўным аб'яднанні «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі». Потым, нібыта галоўным спецыялістам Упраўлення інфармацыйных тэхналогій у дэкаратыўнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Алена Сукалінская (Каранік)
Брунэтка з доўгімі падвяснымі завушніцамі — Алена Сукалінская, жонка губернатара Гродненскай вобласці Уладзіміра Караніка, у мінулым — міністра аховы здароўя, пры актыўным бяздзеянні якога кавід выкасіў дзясяткі тысяч беларусаў.
Сама Сукалінская — паважаны доктар, кандыдат навук, загадчыца лабараторыі супрацьпухліннай лекавай тэрапіі ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава.
Ларыса Калаўр
Бландзінка з блакітнымі вачыма — жонка шматгадовага старшыні Нацбанка Паўла Калаўра.
Як і муж, Ларыса — нядробная фігура ў банкаўскім сектары. З 2015 года яна працуе выканаўчай дырэктаркай дзяржаўнага банка «Дабрабыт», раней ён называўся «Масква-Мінск». З мужам у яе, у тэорыі, павінны быць прафесійныя перасячэнні, бо банкаўскія чыноўнікі яе ўзроўню як мінімум павінны праходзіць атэстацыю Нацбанка.
Галіна Грыб
Бландзінка з хвалістымі валасамі і з завушніцамі — жонка начальніка мінскай міліцыі Міхаіла Грыба, Галіна Грыб. Паводле інфармацыі з выпісак, месцам працы было ўказана загадкавае ТАА «Бі-Альп», якое не гугліцца.
Але вось што гугліцца, дык гэта тое, што на поўную цёзку Галіны з экзатычным імем па бацьку — Раальдаўна — ужо 9 год адкрыта ІП, асноўны від дзейнасці якога — аптовы гандаль тэкстыльнымі таварамі.
Таксама Галіна Раальдаўна перыядычна шукае сабе рознарабочых, у прыватнасці, для працы ў цяпліцы.
Ірына Наскевіч
Ледзі з кароткай стрыжкай і з цяльняшкавым каўнерам — Ірына Наскевіч, жонка былога старшыні Следчага камітэта Івана Наскевіча, які ў свой час адзначыўся ўвядзеннем практыкі крымінальнай адказнасці за ўдзел у мітынгах.
Ірына Наскевіч — правізар-рэцэптар у «Белфармацыі».
Апошняе, што было чуваць пра яе мужа — ён беспрацоўны.
Марына Сівак
Жонка віцэ-прэм'ера Анатоля Сівака, Марына Сівак, працуе на Беларускай чыгунцы і мае складаную тэхнічную спецыялізацыю.
Марына Валер'еўна — вядучы інжынер тэхнічнага аддзела службы арганізацыі і планавання капітальнага будаўніцтва. Мае прафесійныя ўзнагароды.
Яе муж раней узначальваў і Белчыгунку, і Міністэрства транспарту.
Ірына Снапкова
Жонка першага франта Саўміна, намесніка прэм'ер-міністра Мікалая Снапкова.
У базе маецца запіс, што працавала ў НАН Беларусі навуковым супрацоўнікам.