Еўрасаюз дазволіў канфіскацыю расійскіх актываў еўрапейскімі кампаніямі, у якіх Пуцін адабраў бізнэс у Расіі
Расійскім уладам дагэтуль удавалася браць пад кантроль бізнэс заходніх кампаній, якія вырашылі сысці з краіны, без якіх-небудзь захадаў у адказ з боку пацярпелых. Але цяпер лідары Еўрапейскага саюза, дамовіўшыся пра 12-ы пакет санкцый, наважыліся выкарыстоўваць замарожаныя ў ЕС сродкі для выплаты кампенсацый еўрапейскім кампаніям, якія страцілі актывы ў Расіі, піша The Moscow Times.
19.12.2023 / 23:14
Дагэтуль у Еўрасаюзе толькі замарожвалі актывы фізічных і юрыдычных асоб, якія трапілі ў санкцыйныя спісы. Размовы пра іх канфіскацыю вяліся, вывучаліся і юрыдычныя магчымасці, але адчужаць уласнасць еўрапейскае заканадаўства не дазваляе.
Цяпер ЕС уводзіць выключэнне: калі расійскае падраздзяленне еўрапейскай кампаніі было ў прымусовым парадку перададзена ва ўласнасць або пад кантроль Расійскай Федэрацыі і яно знаходзіцца ў санкцыйным спісе, то можна будзе забраць яго актывы і акцыі для, «сярод іншага, выплаты ўзгодненай адэкватнай кампенсацыі» мацярынскай кампаніі.
Кампенсацыя пацярпелай еўрапейскай кампаніі ў выпадку прымусовага адабрання яе актыву ўрадам Расійскай Федэрацыі «вызначаецца судовым або адміністрацыйным чынам або ўстанаўліваецца законам», гаворыцца ў рашэнні ЕС. Асобна агаворваецца, што гэта выключэнне не адносіцца да актываў, якія захоўваюцца ў цэнтральных дэпазітарыях (гэта значыць да рэзерваў Цэнтрабанка Расіі).
ЗША таксама нядаўна пачалі фармуляваць заканадаўства для канфіскацыі дзяржаўных актываў Расіі, перш за ўсё рэзерваў ЦБ. У лістападзе адпаведны законапраект быў ухвалены Камітэтам замежных спраў Палаты прадстаўнікоў Кангрэса. У ЕС тыдзень таму Камітэт па палітычных пытаннях Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы аднагалосна прынялі мемарандум аб канфіскацыі расійскіх дзяржаўных актываў.
Чытайце таксама:
У новы пакет еўрапейскіх санкцый трапілі 12 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. Раней казалі пра 11
Еўрасаюз зацвердзіў 12-ы пакет санкцый супраць Расіі
Заходнія краіны могуць канфіскаваць замарожаныя актывы Расіі «ў адпаведнасці з міжнародным правам»