«ЧынЧыны ў мундзірах». Запусцілі антываенны сатырычны серыял
Ютуб-канал ЧынЧын прадстаўляе свой самы востры і правакацыйны праект «ЧынЧыны ў мундзірах» — антываенны сатырычны серыял, зняты ў стылістыцы савецкіх ваенных фільмаў.
19.12.2023 / 23:28
Прайшло ўжо амаль 80 гадоў з дня заканчэння Другой сусветнай вайны, але прапаганда і дагэтуль выкарыстоўвае яе для ідэалагічнага абгрунтавання развязвання новых войнаў. «ЧынЧыны ў мундзірах» — гэта серыя кароткіх відэаролікаў, якая пры дапамозе выразных сродкаў эстэтыкі савецкага кіно смела іранізуе над рамантызацыяй мілітарызму.
Беларускія чыноўнікі Сяргей Мікалаевіч і Мікалай Сяргеевіч адпраўляюцца на перадавую «спецаперацыі», каб паказаць як трэба правільна ваяваць. Яны перакананыя, што праўда на іхнім баку. Яны ваююць з такой жа стараннасцю, як і падпісваюць (ня)важныя дакументы, выступаюць перад прапагандысцкімі СМІ, раскрываюць фэйкавыя змовы «калектыўнага Захаду» і садзяць бульбу на камеру. Аднак у кожным раздзеле гэтыя ЧынЧыны церпяць няўдачу…
Стваральнікі серыяла жадаюць паказаць аўтарам прапагандысцкіх фэйкаў пра вайну, як недарэчна яны выглядаюць, а таксама даць беларускай аўдыторыі ўніверсальны інструмент — гумар, які дапаможа ў асабістай вайне кожнага са страхам, апатыяй і хлуснёй дзяржаўных СМІ.
Новыя серыі «ЧынЧыны ў мундзірах» будуць выходзіць на ютуб-канале ЧынЧынЧэнэл кожны аўторак і суботу. Паглядзець першыя серыі серыяла можна ўжо цяпер па спасылцы.
Чытайце таксама:
Польшча для палякаў… і ліцвінаў! Выйшаў сатырычны серыял пра шляхту
«Не баюся быць дрэннай дзяўчынкай». Алена Жалудок выпусціла новы кліп
Колькі каштаваў беларускі серыял «Працэсы» і навошта там столькі мацюкоў