Ліван, Тэнэрыфе, Азія. Айцішнікі расказалі, куды ездзяць зімой, каб пагрэцца

Выданне Devby.io расказала, куды некаторыя беларускія айцішнікі адпраўляюцца з Еўропы на зімовы адпачынак ці аддаленую працу. Некаторыя месцы дастаткова экзатычныя.

20.12.2023 / 19:35

Пляжы Тэнэрыфе

Аляксандр, зімаваў на Тэнэрыфе месяц

Я заўсёды любіў падарожнічаць, і мне ўвесь час не хапала адпачынку. У 2020 годзе пераехалі разам з дзяўчынай у Швейцарыю і мне ўдалося знайсці аддаленую працу.

Тады я зразумеў — буду падарожнічаць і працаваць аддалена як мага часцей. Бо адна справа прачынацца хай нават і ў Швейцарыі, але зімой, калі надвор'е шэрае і золка. Іншая — на сонечных Канарах.

У снежні 2021 года разам з сябрам паехаў адпачываць на 4 тыдні на Тэнэрыфе. Дзяўчына засталася ў Швейцарыі — не атрымалася вырвацца з працы. Выбралі Канарскія астравы з-за выдатнага надвор'я зімой і прыроды. Зручна, што амаль аднолькавы гадзінны пояс са Швейцарыяй, еўрапейскі ўклад жыцця, адчуваеш сябе як дома.

Аляксандр з сябрам на адпачынку. Фота з архіва героя

Для аддаленай працы неабходныя добрая самаарганізацыя, матывацыя і дысцыпліна. Трэба ўмець хутка вырашаць праблемы: шукаць добрае месца з якасным інтэрнэтам, хутка факусавацца. Без гэтага прадукцыйнасць моцна падае. Таму часам працаваць у офісе прасцей.

На Тэнэрыфе ёсць каворкінгі, але я імі не карыстаўся, аддаваў перавагу працы з кавярні з класным выглядам на акіян. Не атрымаецца ў абед пасэрфіць, а потым нармальна папрацаваць. Пакуль пераапранешся, пакуль пакатаешся, пакуль высахнеш — патраціш паўдня, стомішся і перахочаш працаваць. Так што такія забавы толькі на выхадных.

А вось і кавярня, з якой так зручна было працаваць. Фота героя

Цэны. Я правёў на Тэнэрыфе 4 тыдні, ні разу нічога не гатаваў — толькі еў у кавярні. Прыстойныя сняданкі каштуюць каля 10 еўра, добры абед — 15 еўра. Вячэра таксама ў гэтым дыяпазоне. За дзень на ежу сыходзіла 30-40 еўра. Разам я выдаткаваў каля 1200 еўра на ежу. На жыллё выдаткаваў прыкладна 1500 еўра за ўвесь перыяд. І яшчэ прыкладна 300 еўра сышло на розныя выдаткі.

Разам я выдаткаваў 3000 еўра, не эканомячы ні на чым. У Швейцарыі я ў месяц выдаткоўваю больш, так што зімаваць на Тэнэрыфе — выгадна. Галоўнае, не прыязджайце на Каляды — усё будзе даражэй у 2-3 разы.

Раю студзень: сезон ужо заканчваецца, але надвор'е добрае і вада досыць цёплая.

Лайфхакі для беларусаў! Усюды кажыце, што вы з Беларусі, не давайце вашыя еўрапейскія тэлефонныя нумары — цэны на забавы будуць у два разы ніжэйшыя.

Раю наведаць галоўную славутасць вострава — вулкан Тэйдэ. Наверсе досыць холадна — вышыня гары 3770 метраў. Прыгожы ўздым, прырода як быццам на Марсе. Ёсць і фунікулёр, варыянт для лянівых.

Тэнэрыфе вельмі разнастайны востраў! Я жыў у Коста-Адэсе, на ўзбярэжжы, дзе няма дрэннага надвор'я з-за вулкана Тэйдэ. А ў іншых частках вострава часта ідуць дажджы і з-за гэтага вельмі зялёна.

На вяршыні вулкана Тэйдэ. Фота героя

На Канарскіх астравах шмат сёрф-школ, таму калі хочаце навучыцца лавіць хвалю — гэта цудоўнае для гэтага месца. Яшчэ мне спадабалася ў Аназе, вельмі прыгожым нацыянальным парку з разнастайнымі сцежкамі для хайкінгу.

Не абышлося без прыгод. Выпадкова прапусцілі зваротны рэйс — не ўсачылі за чаргой на пасадку — і засталіся на Тэнэрыфе яшчэ і на Новы год. Затое пазнаёміліся з цікавымі людзьмі, напрыклад, парай, якая нелегальна жыве на востраве. У Іспаніі можна пражыць нелегальна тры гады і потым падавацца на легалізацыю.

Я аплачваў кватэру ў Швейцарыі, бо там засталася жыць мая дзяўчына. У прынцыпе, можна пераздаць кватэру, асабліва, калі вы жывяце ў буйным горадзе. Але трэба ўважліва чытаць кантракт, каб зразумець — ці легальна гэта.

Вельмі раю Тэнэрыфе зімой, я атрымаў велізарны зарад энергіі і матывацыі. Калі будзе магчымасць, паеду абавязкова яшчэ.

Падчас хайкінгу. Фота героя

Даша, ездзіла на два тыдні ў Ліван

Я працую UX/UI-дызайнеркай на фрылансе. Вандроўкі — маё асноўнае хобі. Да паездкі ўжо пару гадоў думала над вандроўкай у Ліван. Але пачалася пандэмія. У 2022 годзе я жыла ў Тбілісі. Размаўляла са знаёмым, і мне прыйшло паведамленне пра зніжкі ў Pegasus (турэцкі лаўкостар). Можна было даляцець з Тбілісі ў Бейрут з перасадкай у Стамбуле за прыстойны кошт.

 

Даша ў Ліване. Фота гераіні

Я вырашыла, што гэта лёс, і адразу купіла квіткі на люты 2022 года. Зіма ў Тбілісі даволі мяккая, але ў Бейруце ўсё-ткі значна цяплей. 

Агулам: каля 650 даляраў на 2 чалавек. 

Віза беларусам ставіцца па прылёце на 30 дзён. Нават цяпер, падчас вайны ў Ізраілі, турыстаў пускаюць у краіну. Бяспека — адказнасць саміх людзей. Асабіста я думаю, што калі не ехаць на поўдзень да ізраільскай мяжы (там часам бываюць абстрэлы), то рызыка меншая. Але ўлічвайце: штампы Лівана ў пашпарце азначаюць допыт на мяжы ў Ізраілі. 

Бейрут. Фота гераіні

Я працую на фрылансе, маім замоўнікам вандроўка не перашкодзіла. Праблема ўзнікла толькі адзін раз: праект я рабіла з выкарыстаннем платформы Wix. Раніцай села працаваць, а платформа не працуе. Высветлілася, што кампанія ізраільская і абмяжоўвае доступ на тэрыторыі Лівана. VPN дапамог усё вырашыць 

Ліван — цёплая краіна, але зімой там прахалодна. Спецыфіка яшчэ ў тым, што ва ўрада няма грошай на электраэнергію. Таму эканомяць — калі няма генератара, то ўключаюць на пару гадзін уначы і літаральна на гадзіну ўдзень. Звяртайце на гэта ўвагу ў апісанні гатэляў. Таксама ў кватэрах ёсць печкі або электрычныя ацяпляльнікі. Кавярні заўсёды маюць генератары, таму там можна працаваць.

У Ліване я пазнаёмілася з файнымі людзьмі, якія мелі сувязі з Беларуссю. 

  1. Напісала адкрыты пост на каўчсёрфінгу, каб пазнаёміцца з мясцовымі і даведацца пра цікавыя месцы. На яго адгукнулася дзяўчына з Італіі, якая жыве ў Ліване ў невялічкім горадзе бліжэй да мяжы з Сірыяй. Калі гулялі па гэтым гарадку, то пабачылі там краму беларускай касметыкі. Увечары мы сустрэліся з сябрамі нашых хастоў. Сярод іх былі ліванцы, брытанец і яшчэ адзін італьянец. У брытанца бабуля аказалася беларускай.
  2. На мой пост таксама адгукнуўся хлопец з Бейрута, прапанаваў сустрэцца пагуляць па горадзе. Сустрэча была цікавай і вясёлай. Ягоная цётка — беларуска, і яна захацела з намі сустрэцца.
    Падчас спаткання яна вельмі цешылася, што нарэшце чуе беларускую мову седзячы ў Бейруце, хоць і на адзін вечар.

Ніколі не прыходзілася тлумачыць, што за краіна Беларусь і дзе яна знаходзіцца.

Мне больш падабаюцца прыродныя месцы і ўтульныя маленькія гарадкі, дзе можна шпацыраваць. Але Ліван — вельмі горная краіна. А за тыдзень да нашага прыезду выпаў снег. Таму шмат чаго не атрымалася наведаць. Але цікавых месцаў шмат — ад начных клубаў да незвычайных вадаспадаў сярод гор. 

Мне падабаецца ездзіць у месцы, куды ездзіць мала людзей. У Ліване няшмат турыстаў, таму лёгка знаходзіцца агульная мова з мясцовымі.

Паехаць у Ліван — гэта незвычайна, потым кожны раз можна ўсіх здзіўляць гэтым фактам. У дадатак там адносна танна, смачна і прыгожа. 

Сяргей, ездзіў тры разы ў Тайланд і адзін раз у В'етнам

Я ў ІТ з 2012 года. Спачатку працаваў у невялікай кампаніі, потым пачаў займацца сваім праектам разам з жонкай. Працавалі над ім усё лета і восень, а сутыкнуўшыся са стомленасцю і няяснымі перспектывамі, вырашылі паспрабаваць зімоўку ў Тайландзе.

Забягаючы наперад, скажу, што ў Тайландзе нам спадабалася, і на зімоўку мы ездзілі ў 2016, 2018 і 2019 годзе. На той момант (падчас усіх зімовак) мы жылі з бацькамі жонкі, таму праблем з жытлом не было: проста вызвалілі пакой.

Ездзілі па турыстычнай паўгадавой візе. Трэба было мець на рахунку 5000 даляраў на чалавека. Візу можна было працягнуць на 30 дзён за дадатковую плату. Важна было падтрымліваць патрэбны баланс на працягу кожнага месяца перад працягваннем.

Нягледзячы на паўгадавую візу, у краіне можна было знаходзіцца бесперапынна толькі 60 дзён. Гэты тэрмін можна было працягнуць з дапамогай віза-рана.

Тады мы зараблялі па 2-3 тысячы даляраў кожны, плюс былі невялікія ашчаджэнні. Падчас зімовак здымалі аднапакаёўку ў жылым комплексе з аховай, трэнажорнай залай і басейнам — нам хапала. Жыллё шукалі на мясцовых сайтах і групах у Facebook.

Тайскі кандамініум. Фота героя

Самая дарагая частка камуналкі — электрычнасць. Калі працуе кандыцыянер больш, чым паўдня, можа лёгка выйсці больш за 100 даляраў. Мы працавалі ў агульным пакоі і кандыцыянер у нас уключаўся толькі на ноч. Адзін раз забыліся аплаціць камуналку (тэрмін быў да 12:00) і ваду нам адключылі літаральна ў 12:05.

Харчавацца лепш за ўсё (танней і смачней) у тайскіх месцах. Выходзіць ад 3 да 6 даляраў за порцыю. Мы часта хадзілі на экскурсіі (ад 50 да 300 даляраў) і ў музеі (бываюць нават бясплатныя). Наведвалі майстар-класы: вельмі спадабаўся ўрок тайскай кулінарыі. З тых часоў я практычна не гатую іншыя стравы, акрамя самых простых.

З транспартам сітуацыя такая:

Аўтобус у Тайландзе. Фота героя

Галоўная асаблівасць тайскай мовы — танальнасць, дзе аднолькавая фанетыка можа мець розныя значэнні ў залежнасці ад тону. Гэта прыводзіць да пацешных сітуацый, накшталт блытаніны паміж любоўю да сланоў і «слановым дзярмом».

З-за гэтага ў тайцаў пацешны акцэнт у англійскай мове. Купляў Apple Pencil, пытаўся з нашым стандартным вымаўленнем Do you have Apple Pencil in stock?. Ніхто не зразумеў. Калі я пераймаў тайцаў і прамаўляў appl-e-e penc-i-i-il (працягваючы гукі), прадавец адразу мяне зразумеў.

Галоўная парада: зрабіце страхоўку. Кожны раз падчас зімоўкі мы звярталіся лекара. Ашчадзілі каля 2000 даляраў. Першы раз — наступілі на ржавы цвік, другі раз — у жонкі была вятранка, а трэці — з уралагічнымі праблемамі з-за сядзячай працы.

Лакальная ежа. Фота героя

У 2019 годзе проста з Тайланда мы паехалі ў бязвізавы для беларусаў В'етнам. Спадабаўся менш: не такая смачная ежа, ніжэйшы ўзровень жыцця. Але шмат людзей добра гаворыць па-руску, добрае стаўленне да рускамоўных, асабліва ў курортных гарадах.

Аднак больш злачыннасці. Нас нават папярэджвалі, каб не насілі сумкі, якія лёгка сарваць — шмат выпадкаў, калі вырывалі сумку ці тэлефон з рук і з'язджалі. Сам з гэтым не сутыкаўся.

Раю ўсім прыезджым разумець — для мясцовых жыхароў гэта не курорт, а звычайны дом і месца працы. Прыстойнае адзенне і ветлівасць зробяць ваша знаходжанне больш прыемным, і мясцовыя будуць ставіцца да вас з вялікай павагай.

Чытайце таксама:

«Можна было за 200 даляраў зняць вілу з басейнам ля акіяна і жыць, як мільянер». Беларус расказаў пра плюсы і мінусы жыцця на востраве Балі

Краіна «акуна мататы» і творчых людзей. Як беларускі айцішнік працаваў у Танзаніі

Бойкі «раён на раён» і моцная класавасць. Як беларус паўгода працаваў у Папуа — Новай Гвінеі

Nashaniva.com