У касцёле ў Смаргоні вандал пабіў скульптуры ў храме і аўтамабілі святароў ФОТЫ
У касцёле Святога Міхаіла ў Смаргоні сёння ноччу мясцовы жыхар разбіў фігуру Маці Божай, пашкодзіў скульптуру Міхаіла Архангела, пабіў вокны, люстэркі і кузавы ў аўтамабілях святароў, піша «Светлы шлях». Мужчына паўтараў, што каталіцкай царкве тут не месца.
21.12.2023 / 13:38
Пробашч касцёла Святога Міхаіла Архангела Артур Ляшнеўскі прачнуўся каля гадзіны ночы ад гучных крыкаў і грукаў у дзверы і вокны.
Невядомы мужчына зладзіў сапраўдны дэбош з нецэнзурнай лаянкай і праклёнамі ў адрас каталіцкіх святароў. Ён стаў наносіць удары цяжкім прадметам па машынах святароў, а таксама дабраўся да святых прадметаў: разбіў фігуру Маці Божай Беззаганнага зачацця, а таксама вырваў металічны крыж з рук Міхаіла Архангела — новай скульптуры, якую некалькі месяцаў таму набылі за ахвяраванні прыхаджан.
Мужчына паўтараў, што каталіцкая царква павінна адсюль «прыбірацца», і што ёй тут не месца.
Ксёндз выклікаў міліцыю. Супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі мясцовага жыхара.
Як піша выданне, некалькі месяцаў таму касцёл таксама зазнаў напад: былі выкрадзеныя грошы з храма і разбіта фігура Маці Божай, якая знаходзілася каля крыжа.