Памёр Ягор Найдовіч
Стала вядома, што беларускі акцёр Ягор Найдовіч, які здымаўся ў папулярных расійскіх серыялах «СашаТаня» і «Цяжкія падлеткі» памёр у 40 гадоў ад раку ў Маскве. Смерць акцёра пацвердзілі яго сябры, піша «Камсамольская праўда».
21.12.2023 / 21:36
Сябры акцёра паведамілі, што цягам доўгага часу Найдовіч хварэў.
«Кажуць, рак, а рак чаго канкрэтна, не ведаюць», — адзначыў акцёр Аляксандр Буянаў.
Апошні пост на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Найдовіч напісаў у пачатку снежня 2023 года. У ім ён запрашаў сваіх прыхільнікаў на спектакль «Фантазіі Фарацьева», у якім выконваў ролю афіцэра.
Ягор Найдовіч нарадзіўся 3 мая 1983 года ў Эстоніі. Ён рос у сям'і вайскоўца. Па прычыне службы бацькі сям'я даволі часта пераязджала.
Свае дзіцячыя гады будучы акцёр правёў у Мінску. Скончыўшы школу, ён паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Яшчэ ў студэнцкія гады пачаў працаваць у беларускіх выданнях.
Як акцёр ён дэбютаваў у 2005 годзе ў беларускім фільме «Тры талеры» па творах Андрэя Федарэнкі, у якім выконваў трукі.
У 2008 годзе Найдовіч сыграў у кінакарціне «Спадары афіцэры: выратаваць імператара», а ў 2016 акцёр выканаў эпізадычную ролю ў папулярным расійскім серыяле «Мухтар. Новы след».
З 2020 года ён пачаў здымацца ў серыяле «СашаТаня». Таксама здымаўся ў серыяле «Цяжкія падлеткі», а ў 2022 годзе з яго ўдзелам выйшаў фільм «Усход».
Чытайце таксама: