Пуцін вырашыў весці вайну да поўнай перамогі — Барэль

Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах Жазэп Барэль лічыць, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін вырашыў працягваць вайну да «поўнай перамогі». Аб гэтым ён сказаў у інтэрвʼю The Guardian.

24.12.2023 / 15:24

Жазэп Барэль. Фота: Thierry Monasse / Getty Images

«Пуцін не можа быць задаволены толькі часткай Украіны і сітуацыяй, калі астатняя тэрыторыя Украіны належыць да Еўрапейскага саюза. Ён не можа быць задаволены абмежаванай тэрытарыяльнай перамогай. Ён не спыніць вайну — тым больш перад амерыканскімі выбарамі, якія могуць даць яму нашмат больш выгадны сцэнар. Так што мы павінны быць гатовымі да высокаінтэнсіўнага канфлікту на доўгі час», — заявіў Барэль.

На яго думку, Пуцін памыліўся адносна сілы сваёй арміі і магчымасцяў украінскага супраціву.

«Ён памыліўся адносна волі Еўрасаюза. Ён памыліўся адносна сілы трансатлантычнага альянсу. Але ён усё яшчэ тут. Ён па-ранейшаму гатовы змагацца, дазволіць свайму народу памерці, каб яго армія і яго народ пакутавалі, таму што ў яго няма зваротнага шляху», — сказаў Барэль.

Ён таксама папярэдзіў, што ва Украіне на кон пастаўлена існаванне Еўрасаюза.

«Калі мы хутка не зменім курс, калі не мабілізуем усе свае магчымасці, гэта дазволіць Пуціну выйграць вайну ва Украіне», — дадаў ён. 

Па інфармацыі The New York Times, Пуцін з верасня 2023 года па розных дыпламатычных каналах падае сігналы, што гатовы пачаць перамовы аб спыненні агню ва Украіне. Крыніцы NYT сцвярджаюць, што Пуцін перадаў праз пасярэднікаў, што гатовы спыніць агонь і замарозіць баявыя дзеянні ў цяперашніх межах. Суразмоўцы выдання заявілі, што прэзідэнт РФ «не гатовы адыходзіць ні на метр». 

Nashaniva.com