У беларускіх крамах стане менш гарэлкі і пладовых вінаў. Што здарылася?
Затое будзе нарошчвацца выпуск менш папулярных напояў, напрыклад, рому, каньяку, тэкілы.
27.12.2023 / 10:53
Кадр з культавага ўкраінскага мультфільма «Востраў скарбаў»
Вытворчасць гарэлкі і пладовых вінаў у Беларусі скароцяць у 2024 годзе. Квоты на выраб прадукцыі ўстаноўленыя Саўмінам у пастанове на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, піша Tochka.by.
Гарэлкі стане менш на 4,6%, а фруктова-ягадных і мацаваных вінаў на 14,1%. З чым звязаныя такія змены, не паведамляецца.
Затое будзе нарошчвацца выпуск менш папулярных напояў, напрыклад, рому, каньяку, тэкілы.
У лічбах гэта выглядае наступным чынам:
- гарэлка і лікёра-гарэлачныя вырабы — 10,54 млн дэкалітраў (у адным дэкалітры 10 літраў) (-503,7 тыс. дал)
- гарэлка вінаградная — 5,5 тыс. дал (+3 тыс. дал)
- віны фруктова-ягадныя натуральныя — 5,183 млн дал (-308 тыс. дал)
- віны пладовыя мацаваныя марачныя, палепшанай якасці і спецыяльнай тэхналогіі — 2,524 млн дал (-963 тыс дал)
- каньяк — 930 тыс. дал (+235 тыс. дал)
- брэндзі — 177 тыс. дал (-4 тыс. дал)
- віскі — 397 тыс. дал (+80,5 тыс. дал)
- ром — 44,5 тыс. дал (+13,5 тыс. дал)
- тэкіла — 18,5 тыс.дал (+4,5 тыс. дал).
Пастановай вызначаны і аб'ёмы вытворчасці антысептыкаў. Дэзінфікуючых і антысептычных лекавых сродкаў таксама будуць выпускаць менш — на 15 і 58 тыс.дал адпаведна.
Колькі беларусы п'юць
У 2022 годзе беларусы выпілі 11,8 літра чыстага спірту на душу насельніцтва, раней распавядаў спецыяліст Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Арцём Малмыгін.
У разлік браліся ўсе, хто старэйшы за 15 гадоў.
«У параўнанні з 2021 годам паказчык у нас трошкі зменшыўся. Але за пяцігодку ён практычна не змяніўся», — сказаў Малмыгін.