Дзе працуюць і як выглядаюць жонкі топ-чыноўнікаў? Частка другая

Беларускія чыноўнікі і самі па сабе палахлівыя і непублічныя. А з улікам таго, што іх начальнік ніколі не з'яўляецца на публіцы са сваёй жонкай, то і бюракраты сваіх абранніц хаваюць, у афіцыйным кадры іх поўных сем'яў не ўбачыш. З дапамогай базаў «Белпола» «Наша Ніва» працягвае паказваць, як выглядаюць абранніцы тых, хто вызначае жыццё краіны.

31.12.2023 / 18:26

Дзе працуюць і як выглядаюць жонкі топ-чыноўнікаў? Частка першая 

Марыя Карпенка

Жонка галоўнага камуніста Беларусі, былога міністра адукацыі, а цяпер кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі. Да 2005 яна працавала ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце (дзе ў 1994-2004 працаваў і сам Карпенка).

Калі муж пайшоў у чыноўнікі, туды ж рушыла і Марыя Рэнуальдаўна. Яна была кансультантам упраўлення вышэйшай і сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі. 

А цяпер Марыя Карпенка — намесніца начальніка ўпраўлення сацыяльнай палітыкі і навукова-інавацыйнай дзейнасці сакратарыята Савета рэспублікі.

Людміла Алейнік

У 1993-2001 гады Людміла, жонка міністра замежных спраў Сяргея Алейніка, была настаўніцай мінскай гімназіі №7. 

З 2001-га, калі і кар'ера мужа пайшла ўгору, месца працы змяняецца на сакратарыят Савета рэспублікі. Апроч таго, Людміла Алейнік выкладала ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце.

А апошні запіс пра месца працы — прыватнае прадпрыемства «Сістэмы і тэхналогіі», чый задэклараваны від дзейнасці — будаўніцтва і рамонт.

Наталля Хрэніна

Жонка міністра абароны Віктара Хрэніна, чыё ведамства абслугоўвае расійскую армію, мае дзіўны прафесійны шлях.

Да 2006 яна працавала ў «Рэмбудаўтадары». А потым стала загадчыцай аддзялення ў Ваенным медыцынскім клінічным цэнтры. Спачатку працавала ў ваенным шпіталі ў Гродне, потым перавялася бліжэй да мужа ў Мінск. 

Юлія Пярцова 

Жонка лукашэнкаўскага міністра інфармацыі, Уладзіміра Пярцова — асноўная прычына, з якой гэты чалавек увогуле стаў чыноўнікам. 

Журналістка і вядучая БТ Юлія — дачка Аляксандра Радзькова, некалі вялікай фігуры ў беларускай сістэме, намесніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, кіраўніка «Белай Русі». 

Радзькоў, як лічыцца, і даў штуршок, вывеў у людзі мала чым заўважнага зяця.

Жанна Румас 

Жонка апальнага прэм'ер-міністра — знакаміты ў Мінску стаматолаг. З 1995 па 2014 яна працавала ў 15-й гарадской стаматалагічнай паліклініцы. 

Потым яна дайшла да свайго бізнэсу і заснавала ў сталіцы Proud clinic, дзе сама і працуе не толькі ўпраўленцам, але і непасрэдна стаматолагам.

Людміла Петрышэнка 

Жонка віцэ-прэм'ера Ігара Петрышэнкі, Людміла, да 2006-га працавала ў навукова-вытворчым аб'яднанні «Цэнтр».

Гэта няпростая арганізацыя, якая ўваходзіць у структуру Акадэміі навук і займаецца размытым «даследаваннем тэхналагічных працэсаў». За савецкім часам там праводзілі тэсты авіяцыйна-касмічнай тэхнікі, частак атамнай прамысловасці. 

А цяпер робяць атракцыёны, комплексы плазменнай рэзкі, медыцынскія цэнтрыфугі і драбілкі мінеральнай сыравіны. 

Больш запісаў у базах аб яе дзейнасці няма. 

Зінаіда Пархомчык

Жонка яшчэ аднаго дзяржаўнага мужа, віцэ-прэм'ера Пятра Пархомчыка. 

З 2005 па 2012 працавала ў замежным прыватным гандлёвым прадпрыемстве «Рэйнардымпэкс». Чым займалася кампанія, не ясна. 

З 2012-га працуе ў «ДВ Трэйдынгу» — пастаўшчыку маргарынаў, глазуры, маслаў і падобнай прадукцыі.

Ала Заяц

Жонка Леаніда Зайца, віцэ-прэм'ера з вечна сумным тварам, доўга працавала ў Беларусбанку. А ў 2003-2010, да самай пенсіі, дапрацоўвала ў Беларускай чыгунцы.

Вольга Піневіч 

Жонка міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча — таксама доктар, дзіцячы гастраэнтэролаг. 

З 2003 па 2014 яна працавала ў 4-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы Мінска. Потым перайшла на работу ў РНПЦ «Маці і дзіця».

Сям'я Піневічаў — рэдкі выпадак, калі чыноўнік паказвае свету сваю жонку. Яны разам хадзілі на тэлешоу да Марата Маркава. 

Вікторыя Багданава 

Жонка міністра гандлю Аляксея Багданава — выпускніца Універсітэта фізкультуры. З 2013 года яна кіравала ТАА «Парызэн», якое займалася гандлем. Але ў сярэдзіне 2021-га кампанія пайшла ў ліквідацыю. З таго часу, мяркуючы па інфармацыі з гугла, міністр знайшоў сваёй беспрацоўнай жонцы сінекуру і ўладкаваў у федэрацыю каратэ, якую сам жа і ўзначальвае. А Вікторыя там — «выканаўчы дырэктар». 

Наталля Сямашка 

Жонка былога віцэ-прэм'ера і экс-пасла Беларусі ў Расіі Уладзіміра Сямашкі. З 1997 года займалася камерцыяй — была заснавальнікам і дырэктарам лесанарыхтоўчай кампаніі «ТДА Белкантынет 97», якая ліквідавалася ў 2014-м. 

Цяпер Наталля Савесцьянаўна на пенсіі. 

Людміла Мясніковіч 

Жонка мастадонта і доўгажыхара беларускай палітыкі Міхаіла Мясніковіча, прафесійнае жыццё аддала банкаўскай сферы. 

З 1991 па 2004 яна была галоўным спецыялістам у Белпрамбудбанку, які пазней стаў называцца БПС-Сбербанк. 

Ужо ў БПСе Людміла Мікалаеўна працавала начальнікам упраўленне да 2010, калі і выйшла на пенсію. 

Дзе працуюць і як выглядаюць жонкі топ-чыноўнікаў? Частка першая 

Nashaniva.com