У конкурсе на найлепшую паштовую марку года сёлета зноў перамаглі сілавікі
«Белпошта» апублікавала вынікі конкурсу на найлепшую беларускую паштовую марку 2023 года. Як і ў мінулым годзе, перамогу атрымала марка, звязаная з сілавымі структурамі.
28.12.2023 / 17:48
Фота: Белпошта
Перамога і званне найлепшага паштовага выпуску — у маркі «Ратавальнік» (№1492), прысвечанай супрацоўнікам Міністэрства надзвычайных сітуацый.
Фота: Белпошта
На другім месцы — блок «225 гадоў з дня нараджэння Адама Міцкевіча» (блок №162, марка №1543).
Фота: Белпошта
Урэшце, замыкае тройку найлепшых малы ліст «З Новым годам і Нараджэннем Хрыстовым!» (маркі №1527-1534).
Дызайнеркай усіх трох марак-пераможцаў з'яўляецца Яўгенія Бядонік.
У анлайн-галасаванні сёлета ўдзельнічалі 2037 чалавек. На працягу двух снежаньскіх тыдняў свой голас беларусы пакідалі на платформе інтэрнэт-партала «Белпошта».
З сілавымі структурамі была звязаная і марка-пераможца гэтага конкурсу ў мінулым годзе. Тады пры падвядзенні афіцыйных вынікаў конкурсу на найлепшую паштовую марку Беларусі 2022 года аказалася, што кожны другі з 32 тысяч чалавек, якія ўзялі ўдзел у галасаванні, абраў малы ліст «Службовыя сабакі Памежнай службы Беларусі» з выявай аўчарак і лабрадора.
Але перад гэтым у сувязі з гэтым конкурсам не абышлося без скандалу. Калі конкурс у канцы 2021 года толькі аб'явілі, наперад у пэўны час вырвалася марка незадоўга да таго ліквідаванай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» з выявай белай сініцы. Але пасля таго, як сітуацыя стала набываць рэзананс і за конкурсам сталі сачыць ды актыўна галасаваць за белую сініцу чытачы незалежных медыя, яе неўзабаве знялі з конкурсу. Перад тым супраць гэтай маркі апалчыліся рэжымныя прапагандысты.
Чытайце таксама:
Замест белай сініцы ў конкурсе «Белпошты» перамаглі службовыя сабакі сілавікоў