АНТ даганяе «Белсат» — анансавалі свой першы серыял «Начная змена»

Пілотны выпуск здымалі яшчэ ў 2019 годзе, але дарабілі серыял толькі цяпер.

04.01.2024 / 14:15

Старшыня праўлення АНТ Марат Маркаў анансаваў выхад першага паўнавартаснага серыяла ўласнай вытворчасці.

Марат Маркаў

«Мы яшчэ ў 2019 годзе са сваёй ініцыятывы і ў адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы знялі пілотную серыю тэлесерыяла «Начная змена», яна нядрэнна сябе зарэкамендавала і атрымала пазітыўныя ацэнкі мэтраў кінаіндустрыі. Зразумела, што апошнія некалькі гадоў нам было крыху не да кіно, але на працягу 2023 года мы адздымалі працяг «начной змены» з чатырох серый. У планах і поўны метр на базе знятага матэрыялу. Праца знаходзіцца на завяршальнай стадыі, і я разлічваю, што ў найбліжэйшыя месяцы тэлеканал АНТ пакажа тэлегледачам і кінаманам свой першы паўнавартасны серыял і новы беларускі мастацкі фільм. Спадзяюся, што яны будуць ацэнены па вартасці», — расказаў ён у інтэрв'ю Sb.by.

Кадр з «Начной змены». У пілотнай серыі здымаўся Уладзімір Гасцюхін

Маркаў мяркуе, што беларускім тэлеканалам трэба здымаць як мага больш уласных серыялаў. Замест таго, каб закупляць замежныя серыялы, можна рабіць наадварот — прадаваць свой прадукт на расійскі рынак.

«Я заўсёды і ва ўсім быў прыхільнікам сістэмнага падыходу — тым больш, калі перад вачыма ёсць сапраўды нядрэнны вопыт, да прыкладу, нашых казахстанскіх калег. Яны ў 2012 годзе прынялі дзяржпраграму па развіцці нацыянальнай тэлевытворчасці і кінавытворчасці, якая прадугледжвае выпуск больш за 400 тэлевізійных серый на год на падставе конкурсу.

Для Беларусі гэта было б выдатным рашэннем пытання, паколькі галоўная праблема, якая ёсць сёння, — мы, усе беларускія тэлеканалы, вымушаныя закупляць велізарную колькасць замежных серыялаў для свайго эфіру.

Цяпер, на мой погляд, самы зручны момант, каб гэтую нішу актыўна асвойваць, таму што ў сілу спецыфікі сітуацыі раней актыўныя ўкраінскія вытворцы тэлекантэнту адышлі ў нябыт, а патрэбы і нашага, і тым больш расійскага рынку застаюцца, і яны велізарныя».

Нядаўна свой сатырычны серыял «Працэсы» прэзентаваў і тэлеканал «Белсат». На ютубе серыі маюць ад 500 тысяч да 1 мільёна праглядаў.

Чытайце таксама: 

Колькі каштаваў беларускі серыял «Працэсы» і навошта там столькі мацюкоў

Выйшаў беларускі серыял «Працэсы». Расказваем, чаго чакаць

Памятаеце, Netflix здымаў дакументалку пра беларускія пратэсты? Вось калі прэм'ера

Nashaniva.com