Галасуе ў «Аднакласніках» у апытаннях пра Украіну, жонка была прадаўцом. Пяць фактаў пра новага міністра эканомікі

Новым міністрам эканомікі Лукашэнка прызначыў Юрыя Чабатара, якому забараніў хлусіць. Што вядома пра чыноўніка?

04.01.2024 / 18:12

Юрый Чабатар. Фота: economy.gov.by

Працаваў з расійскімі інвестарамі

Юрый Чабатар выконваў абавязкі міністра эканомікі з лістапада 2023 года, калі яго папярэднік Аляксандр Чарвякоў быў адпраўлены Лукашэнкам паслом у Кітай.

Юрый Чабатар віншуе калегаў з Новым годам. Фота: economy.gov.by

У ведамстве Чабатар адказваў за імпартазамяшчэнне, а таксама працаваў з расійскімі інвестарамі. У сваіх інтэрв'ю ён казаў пра «індывідуальны падыход у працы з расійскімі рэгіёнамі».

«Мы разлічваем, што рэалізацыя сумесных праектаў у рамках праграмы «Беларусь — Расія» дасць магчымасць узмацніць інтэграцыю нашых рэгіёнаў, развіваць і ўмацоўваць іх вытворчы, лагістычны, дэмаграфічны і сацыяльны патэнцыялы», — казаў ён летась у чэрвені.

У лістападзе на беларускім інвестыцыйным форуме ў Маскве чыноўнік даводзіў, што «сёння інвестклімат краіны гатовы мяняцца пад запыты расійскіх партнёраў».

У Міністэрстве эканомікі — 21 год

Юрый Чабатар нарадзіўся ў Мінску ў 1979 годзе. Вучыўся ў Серабранцы ў школе № 123.

Ён выпускнік улікова-эканамічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта (2002 год).

Як і большасць чыноўнікаў, якія імкнуцца зрабіць у цяперашняй дзяржаўнай сістэме кар’еру, мае дыплом Акадэміі кіравання (2008).

З міністэрствам эканомікі Чабатар звязаны з 2002 года. Ён пачынаў малодшым навуковым супрацоўнікам навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі. Пасля працаваў у розных аддзелах ведамства. У 2016-м стаў намеснікам міністра.

Юрый Чабатар з Раманам Галоўчанкам. Фота: economy.gov.by

У разгар перадвыбарчай кампаніі 2020 года ён перасеў у крэсла першага намесніка міністра эканомікі.

У 2015 годзе Юрый Чабатар быў узнагароджаны медалём «За ўклад у стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюза». А ў 2023-м прэм’ер Раман Галоўчанка ўручыў яму медаль «За працоўныя заслугі».

Удзельнічаў у апытаннях пра Украіну ў «Аднакласніках»

Юрый Чабатар з 2011 года мае акаўнт у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі». Яна поўніцца пераважна віншаваннямі. На застаўцы фота з вясёлым чыноўнікам на нечым вяселлі.

Юрый Чабатар адпачывае. Фота: сацыяльныя сеткі

У 2012 годзе ён пахваліўся фотаздымкам з савецкім ГАЗам і пракаментаваў яго «Вперед! На целину».

Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Чабатар прагаласаваў у апытанні, прымеркаваным да прызнання Пуціным незалежнасці «ДНР» і «ЛНР». Пытанне было, ці сочыце вы за падзеямі ва Украіне. Як адказаў чыноўнік, не бачна.

Удзел Юрыя Чабатара ў апытанні аб вайне ва Украіне. Фота: скрын з сацыяльнай сеткі

Жонка прадавец

Паводле звестак са старонкі чыноўніка ў сацыяльнай сетцы, яго жонка Кацярына Чабатар, у дзявоцтве Бода, працавала прадаўцом на Мінскім аўтамабільным заводзе. Яна выпускніца Мінскага гандлёвага каледжа.

Кацярына таксама рабіла прадаўцом у Старых Дарогах, піша «Радыё Свабода» на падставе звестак ад «Белпол».

Сям’я жыве ў мікрараёне Каменная Горка ў Мінску, гадуе дваіх дзяцей-школьнікаў.

Бацька — інжынер, маці — філолаг з Інстытута мовазнаўства

Як даведалася «Радыё Свабода», бацька чыноўніка Адам Чабатар працаваў вядучым інжынерам-канструктарам на ААТ «КБТЭМ-ОМА». Прадпрыемства займаецца распрацоўкай спецыяльнага оптыка-механічнага, тэхналагічнага і кантрольна-вымяральнага абсталявання.

Маці Юрыя Чабатара Надзея Андрэеўна працавала ў Інстытуце мовазнаўства НАН. Яна сумесна з Ганнай Арашонкавай склала «Тлумачальны слоўнік адметнай лексікі ў творах Якуба Коласа». Таксама ў яе шмат іншых публікацый, прысвечаных розным аспектам мовы Якуба Коласа.

Па прызначэнні на міністэрскую пасаду Чабатар заявіў, што эканоміка адаптуецца да цяперашніх выклікаў і складанасцяў, дзякуючы рашэнням Лукашэнкі і ўраду.

Паводле новапрызначанага міністра, у перыяд электаральнай кампаніі 2024 года Міністэрства эканомікі павінна гучаць, выходзіць з ініцыятывамі.

Глядзіце таксама:

Ніводзін беларускі рэгіён не выканаў мэтавых паказчыкаў — Галоўчанка

Галоўчанка заключыў пагадненне аб гуманітарнай дапамозе Данбасу

Міністэрства эканомікі: Беларусь можа страціць 20 млрд даляраў у выніку санкцый ЕС

Што Беларусі выгадней эканамічна — імкнуцца ў ЕС або заставацца ў саюзе з Расіяй?

Васіль Вашчыла