Аргенцінскі суд паставіў падножку рэформам прэзідэнта Мілея
Дэкрэт прэзідэнта прадугледжвае адмену больш чым 350 правілаў і абмежаванняў, якія замінаюць бізнэсу, а таксама звальненне сямі тысяч дзяржслужачых.
05.01.2024 / 08:40
Аргенцінскі суд паставіў падножку новаму прэзідэнту Хаўеру Мілею, прыпыніўшы радыкальную рэформу працоўнага заканадаўства, якую ён абвясціў сваім дэкрэтам, піша Бі-бі-сі.
Пазоў аб прыпыненні дзеяння дэкрэта падалі прафсаюзы, заявіўшы, што ён падрывае базавыя правы працоўных, і трое суддзяў Палаты ў працоўных спрэчках пагадзіліся з іх патрабаваннем.
Прэзідэнт Мілей, як чакаецца, абскардзіць рашэнне суда.
Па дэкрэце абранага ў лістападзе прэзідэнта-лібертарыянца выпрабавальны тэрмін для новых работнікаў павялічваецца з трох да васьмі месяцаў, уразаюцца кампенсацыі звольненым работнікам і скарачаецца адпачынак па цяжарнасці і доглядзе дзіцяці.
У цэлым дэкрэт прэзідэнта прадугледжвае адмену больш чым 350 правілаў і абмежаванняў, якія замінаюць бізнэсу, а таксама звальненне сямі тысяч дзяржслужачых.
Пазоў супраць прэзідэнта падала ўсеагульная Канфедэрацыя працы (CGT) — гэта галоўнае ў Аргенціне аб'яднанне прафсаюзаў і галоўны праціўнік прэзідэнта Мілея, які хоча адмяніць абмежаванні для працадаўцаў, якія замінаюць, на яго думку, развіццю эканомікі.
У снежні, пасля інаўгурацыі, Мілей абвясціў суайчыннікам, што вывесці краіну з глыбокага эканамічнага крызісу можа толькі шокавая тэрапія.
Інфляцыя ў Аргенціне ў мінулым годзе склала 200%; 40% насельніцтва жывуць за мяжой беднасці. Хаўер Мілей у сваім звароце да суграмадзян 31 снежня сказаў, што калі яго рэформы будуць заблакаваныя, то гэта прывядзе да сацыяльнай катастрофы біблейскіх маштабаў.
Мерам, якія ён прапануе, аднак, пярэчаць прафсаюзы і левыя сілы, якія сцвярджаюць, што прэзідэнт хоча пазбавіць працоўных заваяваных імі правоў.
Чытайце таксама:
Аргенціна прапанавала Брытаніі вярнуць Фалкленды
Прэзідэнт Аргенціны паляцеў звычайным самалётам. І гэта самалёт «Белавія»
Хаўер Мілей афіцыйна напісаў Пуціну і Сі, што Аргенціны не будзе ў БРІКС
У Аргенціне выпусцілі купюры, якія ў 25 разоў перавышаюць намінал ранейшай самай вялікай
Новы прэзідэнт Аргенціны абвясціў план лібералізацыі эканомікі. У краіне пачаліся пратэсты