Пошта Брытаніі выпускае маркі са Spice Girls. Гурту 30 гадоў

Серыя складаецца з 15 марак з выявамі ўдзельніц групы і іх самымі запамінальнымі выступамі мінулых гадоў.

06.01.2024 / 09:01

Фота: royalmail.com

Брытанская паштовая кампанія Royal Mail выпускае тэматычную калекцыю марак, прысвечаную жаночаму поп-гурту Spice Girls, які стаў часткай сусветнай поп-культуры 90-х. Сёлета калектыў адзначае сваё 30-годдзе, паведамляе Бі-бі-сі.

Серыя складаецца з 15 марак з выявамі ўдзельніц групы і іх самых вядомых выступаў мінулых гадоў. У іх ліку ўручэнне ўзнагарод Brit Awards у 1997 годзе і цырымонія закрыцця лонданскіх Алімпійскіх гульняў 2012 года.

Royal Mail рэгулярна выпускае камплекты марак з нагоды памятных падзей або ў гонар знакамітых людзей і персанажаў: ад Дэвіда Боўі і медзведзяняці Падынгтана да лонданскай Алімпіяды і серыялу «Гульня тронаў».

На навіны пра тое, што ў гэтым годзе гэтага гонару ўдастоіліся Spice Girls, самі ўдзельніцы групы адрэагавалі сваім знакамітым слоганам: «гэта Girl Power (жаночая сіла)!» Яны дадалі, што і марыць пра такое не маглі, калі толькі сабраліся разам.

Фота: royalmail.com

Гурт Spice Girls стаў сусветнай сенсацыяй дзякуючы дэбютнаму сінглу Wannabe 1996 года, за якім неўзабаве з'явіўся альбом Spice. Гэтая кружэлка стала самым прадаваным альбомам жаночага гурта ў гісторыі музыкі, а іх слоган «Girl Power» — папулярным сімвалам фемінізму.

Пасля, прадаўшы больш за 100 мільёнаў копій усіх сваіх альбомаў па ўсім свеце, Spice Girls сталі ў цэлым самай паспяховай жаночай групай у свеце.

Spice Girls з'явіліся на свет у сярэдзіне 1990-х у выніку праслухоўванняў, арганізаваных сям'ёй музычных прадзюсараў. Тыя хацелі стварыць жаночую альтэрнатыву папулярным у той час бой-бэндам, такім як Take That і East 17, прычым кожная з удзельніц, па іх задумцы, павінна была ўвасабляць пэўную якасць. Так з'явіліся псеўданімы «Рудая», «Спартыўная», «Шыкоўная», «Строгая» і «Бэбі».

Фота: royalmail.com

Джэры Халіўэл, Мелані Чысхолм, Вікторыя Адамс (цяпер Бэкхэм), Мелані Браун і Эма Бантан былі адабраны з прыкладна 400 канкурсантак.

Але стаўшы калектывам, яны хутка расчараваліся ў сваіх стваральніках, знайшлі новых менеджараў і падпісалі кантракт з гуказапісвальным гігантам Virgin Records, з чаго і пачаўся іх шлях да славы.

Агулам яны запісалі дзевяць хітоў, якія трапілі на першае месца брытанскіх чартаў. У іх ліку Say You'll Be There, 2 Become 1, Who Do You Think You Are, Spice Up Your Life і Viva Forever.

Фота: royalmail.com

Яны прыпынілі сваю працу ў 2020 годзе, але з тых часоў уз'ядналіся некалькі разоў дзеля канцэртаў.

Spice Girls сталі толькі шостым музычным гуртом, якім Royal Mail прысвяціла серыю марак. Да іх былі The Beatles у 2007 годзе, Pink Floyd у 2016 годзе, Queen у 2020 годзе, The Rolling Stones у 2022 годзе і Iron Maiden у 2023 годзе.

Вікторыя «Пош» («Шыкоўная») Бэкхэм. Фота: royalmail.com

«З таго часу, як група сфармавалася ў 1994 годзе, Spice Girls былі сілай, з якой немагчыма не лічыцца. Мы з гонарам шануем самую паспяховую жаночую музычную групу з усіх, што мы ведаем, і не толькі з-за яе музыкі, але і з-за ўплыву на многія аспекты нашага жыцця», — заявіў прадстаўнік Royal Mail Дэвід Голд.

Маркі паступяць у шырокі продаж 11 студзеня.

Трыумфальнае вяртанне жанчын падчас закрыцця Алімпіяды ў Лондане

Чытайце таксама:

У конкурсе на найлепшую паштовую марку года сёлета зноў перамаглі сілавікі

Культавы музычны гурт зноў аб’явіў пра распад

Попыт на вінілавыя кружэлкі ў Брытаніі дасягнуў піку з 1990 года

Nashaniva.com