Расійскі Першы канал выразаў Кіркорава
Скандальная «голая вечарынка» б'е нават па прыхільніках вайны. Першы канал расійскага тэлебачання выразаў выступ Філіпа Кіркорава з «Каляднага вечара з Рыгорам Лепсам».
08.01.2024 / 00:11
Кадр з нумара Кіркорава, які мусіў быць у эфіры. Фота: канал «Осторожно, новости»
Святочны канцэрт паказвалі ў эфіры тэлеканала 7 студзеня, але запісалі яго яшчэ 24 снежня, піша канал «Осторожно, новости». Першапачаткова шоу павінен быў адкрыць Кіркораў з песняй «Ляціце, ляціце». Таксама ў праграме было яго сумеснае выступленне з Люсяй Чабоцінай і Міхаілам Шуфуцінскім. Але ўсе гэтыя кампазіцыі не ўвайшлі ў эфір, анонсы выступленняў таксама зніклі з афіцыйнага сайта тэлеканала.
Выразалі таксама спявачку Глюкозу.
Кіркораў і Глюкоза ў канцы снежня былі гасцямі на «голай вечарынцы» ў Насці Іўлеевай, якая выклікала скандал і пасля якой расійскія селебрыці масава выбачаліся (а рэпер Vacio двойчы атрымаў адміністрацыйны арышт). Відэа з выбачэннямі запісваў і Кіркораў, казаў, што не хоча, каб удзел у вечарынцы паўплываў на ягоную кар'еру ў Расіі.
Нагадаем, Кіркораў падтрымаў вайну — спявак наведваў у шпіталі ў Крыме параненых расійскіх салдат, называў іх героямі і абяцаў ім білеты на сваё шоу.
Чытайце таксама:
У Кіркорава быў аншлаг на канцэрце ў Мінску. Абурыліся нават ябацькі
Беларусы, якія сталі зоркамі ў Расіі: што з імі стала за час поўнамаштабнай вайны?
Суд знайшоў «прапаганду ЛГБТ» у кліпе апантанага прыхільніка вайны Мікалая Баскава
«У нас Эйсманту можна ўсё?» Бондарава атакавала кіраўніка БТ за навагодні канцэрт