Ханок: Саладуха купіў у мяне ў 1992 годзе песню «Здравствуй, чужая мілая» за 25 тысяч даляраў
Беларускі кампазітар назваў свой самы вялікі ганарар за песню.
10.01.2024 / 08:58
Эдуард Ханок. Фота: Belarus.kp.ru
Народны артыст Беларусі Эдуард Ханок, чые хіты «Малінаўка», «Завіруха», «Я ў бабушки живу», «Здравствуй, чужая милая», «Вы шуміце, бярозы» спявае ўжо не адно пакаленне, распавёў у ток-шоу «100 пытанняў даросламу» на «Беларусь 1» пра самы вялікі ганарар за сваю песню, заўважыла «Камсамолка».
— Гэта праўда, што вы вельмі багаты чалавек? — пацікавіўся ў маэстра юны госць студыі.
— Гэта няпраўда, гэта паўпраўда. Я заможны чалавек. Багатыя — гэта зусім іншая гісторыя, якая мне не пагражае. А вось тое, што я заможны, гэта вельмі добра, бо табе не трэба шукаць грошы: дастаў з шафы, колькі табе трэба, і ўсё. Я нармальны сярэдні забяспечаны чалавек.
Адкуль узяліся грошы ў шафе, Эдуард Ханок таксама не стаў хаваць — у Савецкім Саюзе плацілі фантастычныя, па яго словах, аўтарскія.
А вось самі песні Мінкульт купляў, як выказаўся кампазітар, «літаральна за капейкі — 120 рублёў, 200 і гэтак далей». А свой самы вялікі ганарар за песню ён атрымаў ужо пасля распаду СССР — у 1992 годзе, калі напісаў хіт «Здравствуй, чужая мілая».
— Аляксандр Саладуха купіў у мяне песню за 25 тысяч даляраў. Гэта самы вялікі ганарар, — прызнаўся Ханок.
У гэтай песні на вершы Леаніда Татаранкі паўвекавая гісторыя. Першым песню выканаў вельмі папулярны ў свой час спявак Мікалай Шчукін. Аўтарам музыкі быў Анатоль Гарчынскі. У канцы 70-х шлягер падхапіў адзін з заснавальнікаў рускага шансона Аркадзь Северны, а ў 80-я «Чужую мілую» спявалі многія спевакі-эмігранты… але Эдуард Ханок, які і не хавае, што не ён першым напісаў музыку да «Чужой мілай», лічыць што яго «Чужая мілая» аказалася не горш за песні Гарчынскага, які меў прэтэнзіі да беларускага кампазітара і, як успамінаў Аляксандр Саладуха, падчас Дзён культуры Украіны ў Беларусі наехаў на Ханка: маўляў, я першы напісаў мелодыю песні. А той адказаў з усмешкай: на любыя вершы я магу напісаць сваю мелодыю. На тым канфлікт і скончыўся.
І ўсё ж не гэты хіт у выкананні Саладухі прынёс кампазітару больш за ўсё грошай. Дзякуючы аўтарскім адлічэнням, больш за ўсё Ханок зарабіў на сваім зімовым хіце «Потолок ледяной».
— «Потолок ледяной, дверь скрипучая…» ужо 51 год упрыгожвае ўсе зімовыя святы, — распавёў ён.
І згадаў, як выканаўца гэтага хіта Эдуард Хіль жартаваў на ўрадавых канцэртах і замест «А с окон порог синий, синий» спяваў «а з вокнаў Ханок сіні, сіні».
— Але тады мяне яшчэ ніхто не ведаў, я толькі пачынаў. Таму што парог, што Ханок было ўсё роўна, — усміхнуўся Эдуард Сямёнавіч.
Песня раптоўна змяніла жыццё кампазітара. «Я жыў з жонкай у Крывым Рогу і адразу з двухпакаёвай кватэры пераехаў у чатырохпакаёвую двухпавярховую на беразе Дняпра ў Днепрапятроўску. Вось што азначала ў СССР трапіць у «Песню года» на ЦТ!» — распавядаў ён.
Чытайце таксама:
Эдуард Ханок распавёў, як жыве сам і як жыве ў Ізраілі яго дачка
«Малінавая Лада». 83-гадовы кампазітар Ханок спяваў дзецям рускую папсу ВІДЭА
Хто складаў беларускі бамонд 1990-2000-х і што сталася з гэтымі людзьмі