Жлобінскага чыноўніка адправілі на суткі за выпадковы лайк у інстаграме, але гэта ўжо нікога не цікавіць

Начальніка (праўда, цяпер ужо былога) аддзела спорту і турызму Жлобінскага райвыканкама Яўгена Ахрэменку асудзілі на 15 сутак 28 снежня. Высветліліся падрабязнасці яго затрымання.

10.01.2024 / 09:16

Яўгена Ахрэменку арыштавалі за «лайк», які ён паставіў на адной з інстаграм-старонак, прызнаных экстрэмісцкімі, піша «Гомельская вясна».

Ахрэменка адзначыў упадабайкай публікацыю «Free_Zhlobin») уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і «тым самым павялічыў ахоп аўдыторыі для яе прагляду, чым распаўсюдзіў інфармацыйную прадукцыю названай супольнасці».

У допісе аўтары віншавалі з «днём прафнепрыдатнасці» супрацоўнікаў КДБ. 

Сам Ахрэменка падчас судовага працэсу віну прызнаў часткова і патлумачыў, што гэта было зробленае выпадкова, мэты распаўсюджвання не меў, паколькі перачытваў публікацыі названай супольнасці з мэтай выяўлення і спынення супрацьпраўных дзеянняў з боку падначаленых супрацоўнікаў і спартсменаў.

Але на вынік суда пакаянне чыноўніка не паўплывала, роўна як і тое, што Ахрэменка мае трох непаўналетніх дзяцей: 15 сутак і канфіскацыя «прадмета злачынства» — мабільнага тэлефона. 

Варта адзначыць, што ў інстаграм-акаўнце самога Ахрэменкі кантэнт выключна «ідэалагічна правільны»: граматы ад іншых чыноўнікаў, афіцыйныя мерапрыемствы, спорт.

Так што, не выключана, што Ахрэменка сапраўды не хлусіў у судзе, але, як можна ўбачыць — гэта нікога не цікавіць і аналагічныя паводзіны нікога не выратуюць. 

@nashaniva Чыноўніка арыштавалі за выпадковы лайк #беларусь #репрессии #милициябеларуси #жодино #борисов #новостибеларуси #беларусьновости #пабеларуску #лукашенко #беларускіцікток #нашаніва ♬ Interstellar on Piano - Andy Morris

Чытайце таксама:

Кіраўніцу праўладнага прафсаюза, затрыманую за «экстрэмізм», знялі з пасады

У Гомелі на суткі адправілі кіраўніцу праўладнага прафсаюза

У Мёрах за «экстрэмізм» аштрафавалі дырэктара мясцовай ЖКГ

Nashaniva.com