Сакрэтны амерыканскі беспілотны касмічны карабель можа правесці на арбіце да трох гадоў

Касмічны карабель Boeing X-37B ВПС ЗША — першы ў свеце беспілотны касмічны апарат шматразовага выкарыстання. Яго распрацоўка амаль ад самага пачатку была ахінутая вайсковай таямніцай. Расказваем, што цяпер вядома пра самы сакрэтны амерыканскі касмічны беспілотнік, які ў канцы мінулага года адправіўся ў новую сакрэтную касмічную місію.

12.01.2024 / 19:07

Візуалізацыя Boeing X-37B. Фота: Wikimedia Commons

Яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў NASA пачала разглядаць магчымасць пераходу ад пілатаваных да беспілотных аўтаномных палётаў. Шматразовыя беспілотныя караблі маглі б істотна знізіць кошт вываду карыснай нагрузкі на калязямную арбіту. У 1999 годзе NASA сумесна з Boeing пачалі распрацоўку, а ў 2010 годзе быў здзейснены першы запуск Boeing X-37B, вядомы яшчэ як OTV — Orbital Test Vehicle. Сама назва сведчыць пра яго галоўную задачу — выпрабаванне новых тэхналогій.

Даўжыня Boeing X-37B складае прыкладна 8,8 метра, а вышыня — 2,9 метра. Размах крылаў — 4,6 м. Вага — каля пяці тон. На арбіту ён выводзіцца ракетай-носьбітам. А пасля можа манеўраваць самастойна на вышыні ад 200 да 800 кіламетраў (для параўнання — Міжнародная касмічная станцыя лётае на адлегласці 400 км ад Зямлі) і хутка мяняць арбіты. Вяртаецца на Зямлю ён як звычайны самалёт.

Цяпер існуюць два самалёты X-37B, якія па чарзе выводзяцца ў космас. Рэалізавана шэсць місій. Сёмая пачалася 29 снежня 2023 года. Пры гэтым кожная наступная місія была больш працяглай за папярэднюю. Першая доўжылася 224 дні, шостая — 908. А сёмая, як мяркуецца, працягнецца не менш за 1000 дзён.

Для чаго выкарыстоўваецца Boeing X-37B

Нягледзячы на сем вылетаў X-37B, да гэтага часу застаецца загадкай яго сапраўднае прызначэнне. Чаўнок мае невялікі грузавы адсек памерам прыкладна як кузаў грузавіка. Гэта дазваляе яму несці розныя грузы і спадарожнікі агульнай вагой да тоны.

Boeing X-37B пасля прызямлення 12 лістапада 2022 года. Фота Wikimedia Commons

Вядома, што Boeing X-37B мае магчымасць вывядзення на арбіту спадарожнікаў-шпіёнаў вагой да некалькіх кілаграмаў. Кіраўнік Інстытута касмічнай палітыкі Расіі Іван Маісееў у 2019 годзе заяўляў, што не сумняецца ў выкарыстанні X-37B у вайсковых мэтах для сачэння за падзеямі ў «гарачых кропках» з дапамогай малых спадарожнікаў, забеспячэння наземных войскаў сувяззю, навігацыяй і разведданымі.

За гады існавання X-37B зʼявілася шмат фантастычных тэорый адносна яго магчымасцяў. Так, заяўлялася, што гэта касмічны бамбавік-перахопнік, сродак стварэння перашкодаў і знішчэння спадарожнікаў іншых краін, апарат сачэння за кітайскай касмічнай станцыяй.

Аднак эксперты абвяргаюць гэтыя дадумкі, сцвярджаючы, што для выканання такіх місій патрабавалася б шмат паліва. Да таго ж перамяшчэнні чаўнака лёгка адсочваюцца. Пра запускі Boeing X-37B заўсёды паведамляецца афіцыйна. А яго знаходжанне на арбіце фіксуюць нават астраномы-аматары.

Boeing X-37B у Касмічным цэнтры NASA ў Фларыдзе. Фота: U.S. Air Force via AP

У 2020 годзе амерыканскія вайскоўцы паведамілі пра мадыфікацыю X-37B. У яго зʼявіўся новы модуль, замацаваны ў задняй частцы. Гэта дазваляе вывесці на арбіту больш абсталявання, неабходнага для эксперыментаў.

Ёсць меркаванні, што Boeing X-37B можа перамяшчацца па эліптычнай арбіце, аддаляючыся ад Зямлі да 35 тысяч кіламетраў і нават абраць шлях, які наблізіць яго да Месяца. У 2019 годзе тагачасная міністарка ВПС ЗША Хізер Уілсан заяўляла, што X-37B можа лётаць на вельмі нізкай арбіце, заходзячы ў атмасферу Зямлі для таго, каб развярнуцца. Такія манеўры спецыяльна запланаваныя для таго, каб збіць з панталыку Расію і Кітай.

29 снежня 2023 года Boeing X-37B адправіўся ў сёмую касмічную місію. Для яго вываду на арбіту ўпершыню выкарысталі цяжкую ракету-носьбіт Falcon Heavy. Акрамя сакрэтнай місіі, падчас знаходжання ў космасе, як паведамляецца, будуць праведзены эксперыменты з тэхналогіямі будучыні «для павышэння дасведчанасці ў касмічных сферах і вызначэння доўгатэрміновага ўздзеяння касмічнага выпраменьвання».

Таксама NASA абвясціла, што ў ходзе місіі будзе праведзены эксперымент па праверцы паводзін насення раслін, якія падвяргаюцца працягламу ўздзеянню касмічнага выпраменьвання. Атрыманыя вынікі могуць мець вялікае значэнне ў кантэксце планавання будучых касмічных місій, напрыклад, на Марс.

Ракета-носьбіт Atlas V перад запускам на арбіту Boeing X-37B. 10 снежня 2012 года. Фота: AP Photo/John Raoux

Цяпер, акрамя X-37B, на калязямной арбіце знаходзіцца таксама кітайскі касмічны самалёт Shenlong («Боскі цмок»), які быў запушчаны 14 снежня мінулага года. Адзначаецца, што ён размясціў за межамі Зямлі шэсць невядомых абʼектаў, некаторыя з якіх перадаюць сігналы. Невядома, ці мае дачыненне місія X-37B да дзеянняў кітайцаў.

Чытайце яшчэ:

ЗША ўпершыню за 50 гадоў адправілі апарат на Месяц. Прычым зрабіла гэта прыватная кампанія

«Анка» — новая суперзброя Турцыі

Індыя плануе даследаваць чорныя дзіркі — на арбіту выведзены спадарожнік XpoSat

Збіты NASA з арбіты астэроід пачаў крышыцца на часткі. Але гэта было вельмі дарагое задавальненне

Антось Жупран