Два экс-сядзельцы зарубіліся за літоўскія слёзы: гіганцкі гандлёвы цэнтр у Каменнай Горцы на аўкцыёне выкупіў мільянер Сініцкі
Некалі літоўцы ўзяліся будаваць вялікі гандлёвы цэнтр Mega Park на Каменнай Горцы ў Мінску. Але да канца дацягнуць так і не змаглі, хаця знешне будынак выглядае скончаным. Горад забраў аб'ект сабе і доўга спрабаваў прадаць, пакуль нарэшце не атрымалася. За даўгабуд біліся рагамі кампаніі двух пашчыпаных экс-сядзельцаў: «СігмаПлюс» Віталя Сініцкага і «Белцяжмаш» Ігара Анішчанкі.
13.01.2024 / 08:30
Гіганцкі гандлёвік Mega Park на 58 тысяч квадратных метраў літоўцы пачалі будаваць у 2012, але так і не здалі, таму што не змаглі дафінансаваць вырашэнне нечакана ўзніклых канструктарскіх праблем.
Хоць звонку будынак і выглядае скончаным, унутры там ёсць нюансы. Аб'ект, па словах нашых суразмоўцаў, не ўведзены ў эксплуатацыю праз праблемы з фундаментам. Па сутнасці, ён аварыйны і патрабуе шматмільённых інвестыцый. Гэта прычына таго, што яго ніяк не маглі скінуць.
Пасля таго, як уласнікі плюнулі на цэнтр (а тут згулялі ролю і немагчымасць дафінансаваць будаўніцтва ў моманце, і палітычная сітуацыя, і банкаўскія санкцыі), закапаўшы ў Мінску дзясяткі мільёнаў еўра, будынак перайшоў гораду.
Гарадскія ўлады пачалі спрабаваць прадаць цэнтр у кастрычніку 2023 года, пачаўшы з цаны ў 121 мільён рублёў ($37,8 мільёна), але тады дурных не знайшлося.
Потым былі яшчэ спробы, усе з дысконтамі, але беспаспяховыя.
Да студзеня 2024 цана ўпала ў пяць разоў. Учорашнія таргі стартавалі з цаны 24,7 мільёна беларускіх рублёў.
Па інфармацыі «Нашай Нівы», удзельнікаў было двое — «Сігмаплюс» бізнэсмена Віталя Сініцкага і «Белцяжмаш» Ігара Анішчанкі.
Віталь Сініцкі, фота realt.by
Абодва — знакамітыя ў Беларусі дывелаперы. І абодвух аб'ядноўвае тое, што лукашэнкаўцы іх арыштоўвалі, прызначаючы суму выкупу за выхад.
З Сініцкім увогуле адбылася забаўная гісторыя, якая стала легендай у асяродках мінскага бізнэсу.
Сініцкі, назіраючы пераслед іншых за гэтак званае «драбленне бізнэсу», у 2021-м вырашыў падстрахавацца і напісаў заяву ў падатковую сам на сябе — з просьбай правесці праверку, ці ўсё ён робіць карэктна. У выніку яго самога арыштавалі.
Чытайце таксама:
Выйшаў на волю бізнэсмен Віталь Сініцкі, які сам на сябе напісаў заяву ў падатковую і заплаціў $10 мільёнаў кампенсацыі
Адзін з чытачоў «Нашай Нівы» сядзеў у камеры разам з Сініцкім (але трапіў за краты пазней за яго) і расказваў нам, што бізнэсмен рыхтаваўся да тэрміну і перажываў, што гісторыю ягонай абсурднай пасадкі ніхто не даведаецца. Але яго супакоілі, над чым смяялася ўся камера СІЗА. У зняволенні Сініцкі бавіў час бясконцымі настольнымі гульнямі, проста цэлы дзень па коле гуляў у шахматы, шашкі, даміно.
Выйшаў Сініцкі, па інфармацыі «Нашай Нівы», за выкуп памерам 10 мільёнаў долараў.
Ягоны канкурэнт на аўкцыёне Ігар Анішчанка свайго часу хадзіў з рукамі за спінай па тых жа калідорах, што і Сініцкі.
У Анішчанкі ў свой час здымаў памяшканне штаб Віктара Бабарыкі, пазней у памяшканнях «Белцяжмаша» знаходзілася Каардынацыйная Рада. Да Анішчанкаў (там тры браты) прыйшлі ў верасні 2020-га. Ім таксама давялося плаціць выкупы за выхад.
Такім чынам, два беларускія экс-сядзельцы на аўкцыёне зарубіліся за літоўскія слёзы.
За колькі выкупілі Mega Park? Па інфармацыі «Нашай Нівы», у аўкцыёне перамагла кампанія «Сігмаплюс», а выніковая цана — 29,3 мільёна беларускіх рублёў ($9,3 мільёна).
Суразмоўцы «Нашай Нівы» з банкаўскіх колаў лічаць, што для Сініцкага гэта ў вялікай ступені авантура, а сваіх жывых грошай у яго няма — толькі салідныя заклады, таму ў гісторыі павінен прысутнічаць вялікі крэдытор. Напрыклад, адзін з банкаў.