Залужны пацвердзіў збіццё расійскіх звышкаштоўных самалётаў над Азоўскім морам

Галоўнакамандуючы ўкраінскай арміяй генерал Валер Залужны паведаміў, што ўкраінцы збілі ДРЛВ А-50 і Іл-22М.

15.01.2024 / 12:46

Самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50.

«Воіны Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны знішчылі варожы самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення А-50 і паветраны пункт кіравання праціўніка Іл-22.

Дзякуй паветраным сілам за выдатна спланаваную і праведзеную аперацыю ў Прыазоўі! Слава Украіне!» — напісаў у сваім тэлеграм-канале Залужны.

Самалёт ДРЛВ А-50 — унікальны, такіх на ўзбраенні ў Расіі не больш за дзевяць, але не ўсе яны баяздольныя. Кошт такога самалёта больш за 300 мільёнаў даляраў. А-50 — асноўны для ўказанняў па нанясенні ракетных удараў па тэрыторыі Украіны.

Менавіта па ДРЛВ А-50 у лютым 2023 года быў нанесены ўдар дронам на беларускім аэрадроме «Мачулішчы».

На здымку ІЛ-20, які візуальна падобны да ІЛ-22. Фота: ТАСС

Не менш унікальны і самалёт Іл-22М — «паветраны абаронены пункт кіравання». Пад «абароненасцю» маецца на ўвазе ўстойлівасць каналаў сувязі да ўздзеяння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.

Гэты самалёт з'яўляецца паветраным камандным пунктам, з якога можна кіраваць войскамі падчас баявых дзеянняў. Паколькі гэты пункт знаходзіцца ў паветры, то яго немагчыма збіць аператыўна-тактычнымі ракетамі.

Nashaniva.com