Мітрапаліт Веніямін уручыў ордэн Аляксандру Барсукову. Аднак ёсць цікавая асаблівасць узнагароды
Імаверна «за асаблівыя заслугі» генерал Барсукоў атрымаў ордэн св. Анастасіі Узарэшыцельніцы.
16.01.2024 / 14:57
Фота: church.by
Менавіта Аляксандр Барсукоў увечары 13 жніўня 2020 г. наведваў ізалятар на Акрэсціна і сказаў, што «ніякіх здзекаў не было», нагадвае «Хрысціянская візія».
Міліцэйскі чыноўнік знаходзіцца ў чорным спісе ЕС, пад санкцыямі Вялікабрытаніі, Канады, Швейцарыі і ЗША. Знаходзіўся пад санкцыямі таксама з 2012 па 2016 гг. за «кіраванне дзеяннямі міліцыі супраць вулічных пратэстоўцаў і адказным за рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў».
Св. Анастасія Узарэшыцельніца, ці св. Анастасія з Далмацыі з'яўляецца пакутніцай IV ст.
Яна таемна наведвала арыштаваных хрысціян у рымскіх турмах і дапамагала ім. За гэтую дзейнасць яе таксама арыштавалі і пасля катаванняў спалілі.